Саграваюць успаміны і клопат родных

Личности

Праязджала праз Полава, і агортваў сум, хаця з гэтай вёскай у мяне не звязана нічога асабістага. Проста памятаю яе цэнтрам калгаса «Чырвоны маяк», куды неаднойчы прыводзілі журналісцкія дарогі, адкуль пісала рэпартажы пра сельгасработы ды расказвала пра найлепшых працаўнікоў. Зараз не тое што цэнтра, але і самой гаспадаркі няма, а землі, якія ёй належалі, перададзены адкрытаму акцыянернаму таварыству «Кураполле-агра». Пустуюць прыбраныя ў сайдынг «прэзідэнцкія» домікі, урастаюць у зямлю хаціны, чые гаспадары даўно адышлі ў іншы свет. Але вось позірк спыняецца не проста на жывой, а на ўзорнай сядзібе. Вуліца Рачная, 56. Дагледжаны дом, тэрыторыя абкошана не толькі побач з ім, але і далёка за межамі, акуратныя гаспадарчыя пабудовы, наважаны за агародам укормлены конь. Ну як было не выйсці з машыны і не пазнаёміцца з гаспадарамі?

У гэтым доме жыве 82-гадовы Іван Іванавіч Лысёнак. Пяць гадоў назад ён аўдавеў, мае праблемы са здароўем. Таму наўрад ці змог бы адзін упраўляцца ў хаце і на падвор’і. На шчасце, ёсць дзве любячыя дачкі і клапатлівыя зяці, унукі,  якія не пакідаюць у адзіноце. Муж старэйшай дачкі, Святланы, — былы супрацоўнік Міёрскага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раней праводзіў тут кожныя выхадныя, а пяць гадоў назад увогуле пераехаў з Міёр сюды. Сёлета выходзіць на пенсію і Святлана, якая працуе настаўніцай, і таксама збіраецца перабрацца ў Полава, нягледзячы на тое, што ў сям’і ёсць у Міёрах і дом, і дача. Канечне, яны маглі б забраць бацьку да сябе, але ён не жадае пакідаць родныя мясціны. Ды і самі разумеюць, што пераезд не дадаў бы старому чалавеку здароўя. Таму і апякаюць у сценах яго роднай хаты, якую ў маладосці ўзводзіў сваімі рукамі. З Пастаў наведваецца з мужам другая дачка, Таццяна, якая працуе на льнозаводзе. Бываюць і ўжо дарослыя ўнукі. Не зарастае сцежка да бацькоўскага дома і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.

Іван Іванавіч — ветэран працы, у яго 42 гады механізатарскага стажу ў калгасе «Чырвоны маяк», мае пасведчанне «Ганаровы механізатар Пастаўшчыны». «Працоўную біяграфію пачаў 14-гадовым падлеткам — пайшоў прычэпшчыкам на трактар, — расказвае. — Пасля закончыў курсы трактарыста і сеў на трактар. А за ўсе гады на якой толькі тэхніцы ні працаваў! У асноўным гэта былі гусенічныя трактары. Займаўся ворывам глебы, заўсёды давяралі мне сяўбу. Калі ў калгас паступала новая тэхніка, пры­значалі на яе. А я стараўся. Ёсць што ўспом­ніць».

 «Наш Іван Іванавіч нават ордэнам «Знак Пашаны» ўзнагароджаны, — не без гонару зазначае зяць Аляксандр. — Яго прозвішча занесена ў кнігу «Памяць. Пастаўскі раён». І паказвае мне дзяржаўную ўзнагароду. А таксама веерам раскладвае на стале шматлікія Ганаровыя граматы пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. Разумею, што за кожнай — цяжкая, нястомная праца. «А зараз і рад бы папрацаваць, ды здароўе не дазваляе, — уздыхае колішні перадавік, гледзячы на свае ўзнагароды. — Сумна і тое, што наша Полава так апусцела. Была вялікая, прыгожая вёска. А што цяпер ад яе засталося? І з маіх былых таварышаў па працы ўжо нікога няма ў жывых. Я пакуль трымаюся на гэтай зямлі. Займаюся такімі-сякімі справамі ў хаце і на падвор’і, даглядаю свайго коніка Хлопчыка. Ну як у вёсцы без каня? Ён жа самая сіла»!

«Давайце сфатаграфую вас з Хлопчыкам», — прапанавала я. Іван Іванавіч з задавальненнем прыняў прапанову: «А няхай будзе здымак на памяць». Пакуль мы ішлі да коніка, непадалёк закукавала зязюля. У думках я пажадала, каб яна адлічыла майму новаму знаёмцу — ветэрану працы, ардэнаносцу, сапраўднаму гаспадару зямлі — як мага больш гадоў.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.