Смачнае малако на сакавітай траве

Сельское хозяйство

На полі за Груздавам, дзе пасвіліся два гурты кароў, я была ў пачатку пашавага перыяду. Даяркі рыхтаваліся да вячэрняй дойкі: насыпалі канцэнтраты ў кармушкі, паласкалі вёдры. Жывёла стала падцягвацца да перасоўнай даільнай устаноўкі, па чарзе заходзіла на сваё месца, спажывала прысмакі і паслухмяна стаяла, слухала, як падключаюць даільны апарат, а аддаўшы малако, зноў ішла скубаць траву.

— Пасля выгану на пашу малако стала прыбываць, — расказваў начальнік груздаўскага сельскагаспадарчага аддзялення аграбудаўнічага прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі» Ігар Турон. — Кармоў зімой было скупавата. А на сакавітай траве жывёла пакруглела, малако патлусцела. У полі пастаянна ёсць вада. Пастухі па некалькі разоў у дзень мяняюць месца выпасу. Выдаём канцэнтраты. Высокія надоі залежаць ад адносін жывёлаводаў да сваіх абавязкаў. Кожная карова са сваім норавам і да кожнай патрэбны індывідуальны падыход. Калі статак на пашы, крыху прасцей: не трэба прыбіраць памяшканне, раздаваць кармы.

— Аператары машыннага даення даволі ўмелыя і спрактыкаваныя, — хваліла сваіх работніц галоўны заатэхнік ад­дзялення Вольга Хмельнік. — А найбольш вопытныя і адказныя — Крысціна Зайка і Любоў Чарэнка (на здымку). За чатыры месяцы бягучага года яны надаілі адпаведна амаль па 50 і 45 тон малака. У гэтыя дні сярэдні надой ад каровы ў іх групах складае 12,5 і 14 кілаграмаў. З часам паказчыкі павінны павялічыцца, бо яшчэ чакаюцца ацёлы.

— Вольга Аляксандраўна ўдала спраўляецца з абавязкамі галоўнага заатэхніка і асемянатара, — гаварыў Ігар Турон. — Пасля ветэрынарнай акадэміі на пасаду ветурача па размеркаванні да нас трапіў Юрый Язёнак. Абнаўляем і кадры аператараў машыннага даення. Ёсць замена пастухам, якія, здаралася, парушалі працоўную дысцыпліну. Адна сям’я пераехала ў Груздава з Вярэнек, адна — з Ляхаўшчыны. Яны задаволеныя тым, што ў нашым аддзяленні рэгулярна выплачваецца зарплата, цэняць паважлівыя да іх адносіны.

— Надоі могуць быць высокімі толькі тады, калі ўсе працуюць адной камандай, — гаварылі даяркі. — Свой уклад у агульную справу ўносяць і спецыялісты, і пастухі, а мы пажынаем плён.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.