Стаяць напружаныя задачы

Местная власть

25 чэрвеня адбылася чарговая сесія Савета дэпутатаў

У пасяджэнні дэпутатаў Пастаўскага райсавета пад кіраўніцтвам яго старшыні Пятра Курто прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Зямчонак, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны. 

Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак далажыла пра ход рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Пастаўшчыны на 2016—2020 гады. На 1 чэрвеня раёнам выконваецца 7 з 16 даве­дзеных паказчыкаў. Раён працуе з чыстым прыбыткам, станоўчай рэнтабельнасцю продажаў, ростам выручкі і прадукцыйнасці працы. Захоўваецца стабільная сітуацыя на рынку працы, узровень беспрацоўя — 0,9% (пры сацыяльна дапушчальным 2%). Каля паловы ўсяго аб’ёму вырабленай прамысловай прадукцыі экспартуецца.

Нельга не прызнаць, што сёння фінансавае становішча многіх прадпрыемстваў застаецца няпростым. У раёне па-ранейшаму высокая ўдзельная вага стратных арганізацый — іх 11 (30,6%). Таму сёлета надаецца асаблівая ўвага павышэнню эфектыўнасці іх работы. «Мы ўзялі напружаныя заданні, — гаварыла Ірына Несцяронак. — Рэнтабельнасць продажаў павінна скласці не менш за восем працэнтаў, а колькасць стратных арганізацый — знізіцца да сямі. Асноўныя рэзервы для гэтага — паўсюдная эканомія выдаткаў. Трэба памятаць, што стан рэальнага сектара эканомікі — гэта дабрабыт нашых грамадзян».

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ