У адным дыханні

Культура

Старадаўні прас настолькі натуральны, што хочацца насыпаць у яго гарачага вуголля і прыступіць да прасавання бялізны. Сямейка грыбочкаў просіцца, каб яе сабралі ў кошык, а дзве птушачкі, што прымасціліся на галінцы дрэва, здаецца, вось-вось заспяваюць. А колькі веры, на­дзеі і любові пасылаюць два кранальныя анёлы!

Пералік можна прадаўжаць і прадаўжаць. Усё выраблена з дрэва рукамі таленавітага майстра з вёскі Кашыцы Віктара Шашуры. А разглядвала я работы і захаплялася імі на яго інтэрнэт-старонцы ў «Адна­класніках» пасля знаёмства з майстрам і яго жонкай Наталляй. Дарэчы, менавіта творчасць аб’яднала іх у ­сям’ю. Наталля — 

мінчанка. Убачыла Віктаравы вырабы ў інтэрнэце і напісала, што вельмі ўражаная. Віктар адказаў. Завязалася перапіска, пазней сталі сустракацца і вырашылі стварыць сям’ю. Зараз шчасліва жывуць у Кашыцах і разам займаюцца творчасцю.

— Працаваць з дрэвам я пачаў зусім выпадкова, — расказваў Віктар Мікалаевіч. — Падчас вучобы ў інстытуце ў Мінску ўбачыў у магазіне прыгожую разную шкатулку і падумаў: а чаму б не зрабіць нешта падобнае? І выразаў спецыяльным ножыкам-касячком. З гэтага і пачалося маё захапленне. Зараз маю цэлую майстэрню, у якой ёсць такарны, фрэзерны станкі, цыркулярка, стужкавая піла, габлярка, дастаткова і рознага ручнога інструменту.

Арыгінальныя вырабы майстра, у тым ліку і такія буйныя, як буфеты, сталы, лаўкі, крэслы, можна ўбачыць не толькі ў розных кутках Беларусі, але і ў Расіі, Германіі, Ізраілі. Упрыгожваюць яго работы касцёлы і цэрквы Пастаўшчыны.

Два месяцы назад Віктар Мікалаевіч перанёс складаную аперацыю, і медыкі забараняюць фізічную працу ў перыяд рэабілітацыі. Але як утрымацца рукам, калі ў галаве яшчэ столькі задумак? Вось і ў «Горадзе майстроў» на цяперашнім фестывалі будуць прадстаўлены некаторыя яго работы, а яшчэ больш — дэкупажных вырабаў Наталлі, драўляныя нарыхтоўкі для якіх зрабіў муж. «У творчасці мы з Віктарам працуем у адным дыханні», — казала жанчына.

Калі пажадаеце адчуць гэтае дыханне, завітайце ў незвычайны горад.

Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.