У стрэйч-плёнку і траншэі

Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Кураполле-агра» сена і сянаж закладваюць не толькі ў сховішчы і сянажныя траншэі, але і зарулоньваюць у стрэйч-плёнку. Такі корм захоўвае неабходныя вітаміны і мікраэлементы, ён больш карысны для жывёлы. На прэс-падборшчыку-ўпакоўшчыку не першы год працуе механізатар Аляксандр Яначкін (на здымку). З запланаваных на зімоўку 1500 тон ён з пачатку корманарыхтоўкі запрасаваў 1367. Гэта найлепшы вынік у раёне. Нядаўна мы сустрэліся з Аляксандрам каля Дзеткава.

На гэтым полі любавацца асабліва няма чым, — гаварыў. — Тут пасвіліся каровы. Пашу падкасілі, трава слабаватая. Але сабраць яе трэба. Рулоны раскіданы радкавата. А дзе травы гусцейшыя, то і 600-кілаграмовых «шпулек» больш. Усе чакаем дажджу і разлічваем на другі ўкос.

Нялёгка і механізатарам Віналію Мішуту і Станіславу Лапушынскаму (на здымку), якія трамбуюць сянажную масу днём.

— У мінулыя мокрыя гады на трамбоўцы спраўляўся звычайна адзін чалавек, — расказвалі. — Сёлета трава сохне, здаецца, на карані. Каб вытрымліваць патрэбную тэмпературу і вільготнасць, нельга дапускаць ні хвіліны прастою. Таму і снуём па траншэі ўзад-уперад. У начную змену  працуе Міхаіл Гарбуноў.

А першымі работы на сенажацях пачынаюць Юрый Сівы, Мікалай Адынец, Генадзій Зубовіч з касілкамі. З граблямі рупяцца Вячаслаў Барадай, Васілій Корнышаў, Аляксандр Дзмітровіч. Добрых вынікаў на падборы зялёнай масы дабіваюцца Анатолій Шваякоў, Павел Болт. Транспарціроўкай да траншэі займаюцца Юрый Усовіч, Анатолій Барадай, Валерый Станюш, Аляксандр Бондар, Віктар Шымковіч.

Адкрытаму акцыянернаму таварыству  «Кураполле-агра» на зімоўку трэба нарыхтаваць 13500 тон сенажу, 1550 — сена, скасіць травы першым укосам на 2440 гектарах. Гэта работа праведзена амаль на 60 працэнтах плошчы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.