Усялілі «Светач» надзеі

Общество

Уладзімір Шчэпін, Генадзій Бервячонак і Дзмітрый Жаўнярук

Пытанні лячэння алкагольнай залежнасці і рэабілітацыі разгледзелі  ў Пастаўскім аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.

На сустрэчу былі запрошаны медыкі, сацыяльныя педагогі і псіхолагі ўстаноў адукацыі, адказныя за працоўную дысцыпліну ў арганізацыях і на прадпрыемствах райцэнтра, а таксама людзі, якія злоўжываюць спірт­нымі напіткамі. Мэта — даведацца пра дзейнасць цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» (горад Бягомль) і наладзіць супрацоўніцтва з ім.

— У раёне вядзецца маштабная і няспынная работа па прафілактыцы п’янства і алкагалізму па ўсіх кірунках, — акрэсліў сацыяльную значнасць праблемы намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Гэта праблема ўжо літаральна нагнала аскому. А належнага эфекту як не было, так і няма: па-ранейшаму ад перадазіроўкі алкаголем паміраюць людзі ў росквіце сіл, распадаюцца сем’і, існуе сацыяльнае сіроцтва. Залежны чалавек апускаецца на самае дно, падняцца з якога вельмі няпроста. Аднак падпісвацца ва ўласным бяссіллі нам яшчэ рана, бо не ўсе шляхі барацьбы з гэтым згубным захворваннем апрабаваныя. Пра сваю методыку нам і раскажуць супрацоўнікі цэнтра «Светач».

Пра тое, што такое алкагалізм і якую цану патрабуе жыццё за жаданне жыць у ілюзорным свеце, выдатна ведае кіраўнік цэнтра дапамогі залежным Уладзі­мір Шчэпін, бо і сам працяглы час пакутаваў ад гэтага захворвання. Дарэчы, як і ўсе супрацоўнікі цэнтра. Гэта і з’яўляецца яго ўнікальнасцю, бо роўны дапамагае роўнаму. Разважаючы пра алкагалізм, Уладзімір Фенадзентавіч адзначыў: галоўная праблема залежных людзей у тым, што яны адмаўляюцца прызнаваць гэты факт, хоць ён для ўсіх відавочны. Лічаць, што ўсё пад кантролем, маўляў, магу піць, магу не піць, п’ю за свае грошы і гэтак далей. А без усведамлення і прызнання рэальнага становішча спраў немагчымае і выздараўленне. Яшчэ адзін памылковы погляд, што ў алкаголікаў няма сілы волі. Ёсць! Толькі яна накіравана не на барацьбу з хваробай, а на здабычу спіртнога.

— Я неаднойчы спрабаваў кінуць піць, але беспаспяхова. Было адчуванне, што застаўся адзін на адзін са сваёй бядой, а наперадзе — бездань. Разуменне знайшоў у асяродку ананімных алкаголікаў. Спіртнога не ўжываю ўжо 13 гадоў, больш за 5 з іх дапамагаю пазбавіцца ад залежнасці іншым, —  дзяліўся Уладзімір Шчэпін. — У мяне часта пытаюцца родныя алкаголікаў, якую даю гарантыю, што іх блізкі чалавек выздаравее. Адказваю: стопрацэнтную. Пры ўмове, што будзе выконваць усе рэкамендацыі.

Цэнтр дапамогі «Светач» у сваёй рабоце выкарыстоўвае духоўную праграму «12 крокаў», распрацаваную для ананімных алкаголікаў і наркаманаў. Яна добра зарэкамендавала сябе ва ўсім свеце, для Беларусі з’яўляецца адносна новай. Рэабілітацыя ўключае біяпсіхасацыядухоўную дапамогу, работу з псіхолагамі і кансультантамі ў групе і індыві­дуальна, трэнінгі, працатэрапію. Медыкаментознае лячэнне не прымяняецца. Тэрмін праходжання поўнай праграмы — тры месяцы. Пражыванне і харчаванне платныя. Ад залежнасці пазбавіліся каля 40% чалавек, якія прайшлі рэабілітацыю ў цэнтры. Акрамя гэтага, тут праводзяцца семінары для родных і працадаўцаў залежных людзей.

Адзін з тых, каму дапамагла рэабілітацыя ў цэнтры, — Дзміт­рый Жаўнярук. Гледзячы на маладога мужчыну, цяжка ўявіць, што за яго плячыма багаты алкагольны стаж, прыводы ў міліцыю, страта сацыяльных сувязей, сям’і і работы, спроба суіцыду. Між тым да нядаўняга часу сваіх праблем Дзмітрый не прызнаваў. Ды і навошта? Бацькі забяспечвалі ўсім неабходным. А каб апраўдаць свае паво­дзіны, заўсёды «трымаў раўненне» на тых, хто, як кажуць, дайшоў да ручкі (напрыклад, прапіў кватэру). Прызнаецца, што самым складаным было добраахвотна адмовіцца ад такога жаданага стану, як ап’­яненне. Зараз працуе кансультантам у цэнтры, атрымлівае ў БДУ другую вышэйшую адукацыю.

Амаль па такім жа сцэнарыі развівалася жыццё Генадзія Бервячонка. Але ён таксама змог пераадолець сябе і зірнуць на свет па-іншаму, пачаць усё з чыстага ліста. На сустрэчы ён даў рад слушных парад работадаўцам, як паводзіць сябе з залежнымі людзь­мі, як ім дапамагчы. Зразумела, калі яны самі гэтага шчыра жадаюць, а не спрабуюць выкручвацца і маніпуляваць сітуацыяй.

Напрыканцы сустрэчы ўвазе прысутных быў прапанаваны дзесяціхвілінны відэасюжэт пра дзейнасць цэнтра.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.