«Вясковы экстрым» – трапна гумарым

Культура

Спяваюць, танцуюць, жартуюць. Так коратка можна ахарактарызаваць творчасць тэатра песні «Вясковы экстрым» Камайскага сельскага Дома культуры. Калектыву сёлета спаўняецца пяць гадоў, усе яго выступленні гледачы суправаджаюць залівістым смехам і гучнымі апладысментамі.

— У нашым СДК вакальная група існавала і раней, а пяць гадоў таму мы стварылі яшчэ і мабільную, у сэнсе невялічкую, групу артыстаў, якая стала выступаць не толькі ў Камаях, але і ў іншых населеных пунктах Пастаўшчыны і на раённай сцэне, — расказвала пра ўзнікненне тэатра песні дырэктар Камайскага СДК Галіна Бразюль. — Наша мэта — развесяліць гледачоў, прымусіць іх забыць пра паўсядзённыя турботы.

У першапачатковы склад калектыву ўваходзілі чатыры чалавекі. Зараз ён крыху пашырыўся. Цудоўны настрой гледачам дораць Галіна Бразюль, Эмілія Паўлава, Кацярына Дзісько, Алена Кашаева, Наталля Смільгін, Анастасія Невядомская, Ліана Каравацкая і Ян Каськевіч. Гэта работнікі не толькі сферы культуры, але і медыцыны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, абслугоўвання. З прыходам у калектыў Яна, які грае на баяне, часткова адмовіліся ад фанаграмы.

Рэпертуар «Вясковага экстрыму» складаюць сюжэтныя песні, жарты, анекдоты, гульні, вясёлыя танцы. Над яго стварэннем і пашырэннем працуюць усе. Аднак асноўная частка сабранага і творча апрацаванага матэрыялу належыць кі­раўніку калектыву.

— Сюжэтныя песні з польскай і рускай моў перакладаю на беларускую, з вядомых песень мінулых гадоў складаю папуры, бо людзям падабаецца чуць знаёмы рэпертуар, падпяваць артыстам. Кур’ёзныя, недарэчныя сітуацыі падкідвае само жыццё. Усё гэта ўтрыруецца і адаптуецца пад нашу мясцовасць, — дзялілася прафесійнымі тонкасцямі Галіна Бразюль. — Вынік — паўтары гадзіны здаровага смеху.

Тэмы для жартаў — сельскае жыццё, здароўе, каханне, дзеці, святы, падсобная гаспадарка, грошы, гандаль, паху­дзенне і нават космас. Адным словам, усё, што хвалюе і цікавіць людзей. Са сваёй праграмай альбо вытрымкамі з яе камайцы выступалі на многіх пляцоўках раёна, прадстаўлялі Пастаўшчыну на «Дажынках» у Талачыне, конкурсе тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці на «Славянскім базары ў Віцебску». Без іх удзелу не абыходзяцца ні адно свята вёскі ў сельсавеце, выніковыя сходы ў гаспадарцы, раённыя кірмашы і Масленіца. Завітваюць павіншаваць юбіляраў на дом, падбадзёрыць трактарыстаў і камбайнераў падчас уборачнай кампаніі ў поле, стварыць настрой выбаршчыкам на выбарчыя ўчасткі. У планах — паездка на рэгіянальнае свята «Яблычны Спас» у вёску Алашкі Шаркаўшчынскага раёна. Жартуюць, што, каб мелі ўласны транспарт, то аб’ехалі б увесь свет. Пакуль жа з ім дапамагаюць старшыня сельскага Савета Генадзій Урбанайць і намеснік па ідэала­гічнай рабоце ААТ «Камайскі-агра» Юрый Плюта. Апошняга «экстрэмалы» задзейнічаюць у сваіх выступленнях яшчэ і ў якасці вядучага. Убачыць калектыў падчас фестывалю можна будзе на агля­дзе-конкурсе сельскіх падворкаў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.