«Яшчар» – у Дзяржаўным спісе каштоўнасцей

Культура

Народная гульня моладзі «Яшчар» («Яшчур») вёскі Гута ў комплексе з іншымі мясцовымі варыянтамі беларускіх народных гульняў  Пастаўшчыны разам з маляванымі дыванамі і клёцкамі з «душой» ужо трэцяя гісторыка-культурная каштоўнасць, занесеная ў Дзяржаўны спіс па Віцебскай вобласці, і першая — адроджаная і падрыхтаваная менавіта ў нашым раёне.

Прапанову для яе ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна.

Гульня «Яшчар» разам з іншымі традыцыйнымі забавамі Пастаўшчыны адноўлена на «Гуцкіх вячорках», якія ладзіць фальклорны гурток Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы, харэографа па адукацыі і вялікай аматаркі народнай культуры Тамары Маслоўскай. Вечарыны часцей за ўсё адбываюцца ў танцавальнай зале, аформленай у беларускім народным стылі пад этнаграфічную хату. Музычнае суправа­джэнне ажыццяўляе ансамбль народных інструментаў сям’і Пачкоўскіх.

На Пастаўшчыне гэта гульня вядомая са старажытных часоў. А сам абрад жаночай ініцыяцыі (пераход дзяўчат у дарослы стан) бярэ пачатак некалькі тысячагоддзяў назад. Падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый ЦКіНТ былі запісаны звесткі пра «Яшчара» ад носьбітаў традыцыйнай культуры, якія нарадзіліся ў 10—30-я гг. ХХ ст. У фальклорным архіве ўстановы захоў­ваюцца 18 тэкставых, аўдыё- і відэазапісаў гульні, сабраных супрацоўнікамі цэнтра і культработнікамі раёна з 1992 г. Асаблі­ва актыўна гэта работа вялася з 2015 г. з удзелам дырэктара ЦКіНТ Ксеніі Грэська і метадыста па фальклоры Святланы Марозавай і аўтара гэтых радкоў. Гульня адрознівалася ў розных мясцінах Пастаўшчыны. А адноўлены намі варыянт перажыў найменш гістарычных змен у параўнанні з даступнымі для аналізу сучаснымі запісамі з іншых рэгіёнаў Беларусі (Віцебская, Гродзенская, Мінская вобласці).

Гульня «Яшчар» аднаўлялася ў 90-я гг. у дзіцячых фальклорных гуртках на сяле і Нядзельным ліцэі беларускай культуры, які існаваў на базе вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела культуры. Там супрацоўнічалі Ігар Пракаповіч, Таццяна Гарошка, Іосіф Атрахімовіч, Алесь Касцень, Гераіма Танана, Ірына Макоўская. Сёння гульня бытуе ў асяродку моладзі на вечарынах у вёсцы Гута. У атачэнні іншых народных гульняў («У лямура», «Адам і Ева», «Споведзь», «Галубка» і інш.), гульнёвага карагоду «Падушачка», спеваў, традыцыйнай варажбы і мясцовых варыянтаў побытавых танцаў кракавяк, падэспань, «Лысы», «Ляво­ніха», абэрак, вальсаў, полек праводзіцца на калядных і велікодных вячорках, свяце Купалля. Сёлета прадстаўнікі з Гуты арганізавалі яе ў якасці  гульні ў фанты на традыцыйным ужо «Шляхецкім балі», які праходзіў у Дунілавіцкім СДК.

Выкарыстанне такіх набыткаў нашай спадчыны спрыяе кансалідацыі мясцовай супольнасці, творчаму развіццю і сталенню моладзі, выхаванню сапраўдных беларусаў. Пра гэта клапоціцца не толькі Гуцкі СКЦ, але і ўдзельнікі танцавальнага гуртка моладзі пад кіраўніцтвам Ірыны Кузьміч Варапаеўскага ГПДК, Гуцкая СШ. Спадзяюся, што і іншыя ўстановы адукацыі раёна падтрымаюць ініцыятыву па зберажэнні нематэрыяльных каштоўнасцей як яркай праявы нацыянальнай культурнай спадчыны.

Людміла ЧАТОВІЧ, супрацоўнік ЦКіНТ
Фота Сяргея ВШЫЎКАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.