Знаёмцеся: паляўнічы Шрэк

Общество

Гэтага жвавага і жыццярадаснага сабачку мне падарыў сябар 8 гадоў таму. Шрэк — прадстаўнік паляўнічых сабак пароды ягдтэр’ер, якая была выведзена ў Германіі ў 30-40-я гады XX стагоддзя. Паляўнічыя любяць яе за ўніверсальнасць: гэтыя сабакі здольныя паляваць на звяроў і на зямлі, і ў норах, і ў вадзе. Вызначаюцца бясстрашнасцю і вынослівасцю. І мой — не выключэнне.

Шрэк — адданы сябар і памочнік. Вельмі любіць дзяцей, заўсёды радасна іх сустракае, дазваляе пацерабіць сябе за вушкам. А вось да мужчын ставіцца з падазрэннем, бывае, што ажно шэрсць дуба ўстае. Не супраць пазадзірацца і патузацца з іншымі сабакамі, я сказаў бы, нават любіць гэта рабіць. У ежы Шрэк не пераборлівы. Ну і галоўная яго стыхія, вядома ж, паляванне. Калі знаходзіць свежы след і гоніць дзічыну, то ўвесь лес напаўняецца яго пранізліва-звонкім брэхам. Мне падабаецца назіраць за ім падчас загоннага палявання на кабана, заўсёды шчыра радуюся адвазе, з якой ён кідаецца на звера, хоць той значна пера­ўзыходзіць яго ў памерах. Мяркую, каб у нашых лясах жылі мядзведзі, ён і іх не спужаўся б. Вось такі заўзяты паляўнічы мой Шрэк.

Сяргей ВШЫЎКАЎ, г. Паставы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.