А на шчасце паскупіўся

Личности

Старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы з юбіляркай

— Мая ты дакторачка! — Ядвіга Сігізмундаўна Волк радасна пазнае па голасе фельчара мясцовага ФАПа Ларысу Маслоўскую. — І старшыня сельсавета прыйшла. Дзякуй, дзяўчаткі, што не забываеце пра мяне.

Ужо тры гады, як яна цалкам аслепла. Жыве ў Валках, адна ў доме. 25 чэрвеня бабулі споўнілася 90, і старшыня сельскага Савета з фельчарам завіталі павіншаваць яе з юбілеем. А напярэдадні з такой жа місіяй прыязджалі з Глыбокага ўнучка Дзіяна і праўнук Ільюша. Яны не абдзяляюць увагай бабулю, пры кожнай магчымасці наведваюцца да яе.

Шкада, але ні кветак, ні падарункаў Сігізмундаўна не зможа ўбачыць. «Я ўжо прызвычаілася жыць у цемры, — казала. — У хаце рухаюся навобмацак. Ведаю, дзе якія рэчы ляжаць, нават таблеткі самастойна прымаю. Ларыска раскладзе іх па кучках, і я памятаю, якую адкуль узяць. Як яна клапоціцца пра маё здароўе! Паслухае сэрца, змерыць ціск, калі трэба, робіць уколы, прыносіць таблеткі. Ежу мне гатуе сацыяльны работнік, бо сама газавай плітой не карыстаюся. Наташка прыходзіць да мяне па некалькі разоў на дзень і ва ўсім дапамагае».

У хаце прасторна, чыста, свежа, блішчыць нядаўна пафарбаваная падлога. Ні пылу, ні паху старасці і хвароб. А гаспадыня ж інвалід першай групы. «Яшчэ задоўга да таго, як аслепла, мела вялікія клопаты са здароўем, — узгадвае. — 14 гадоў назад тройчы трапляла пад нож у Полацкай бальніцы, але суджана было застацца жыць. Цяпер бываю ў Дунілавіцкай, ніколі доўга не ляжу, прашуся дадому».

Бог даў Ядвізе Сігізмундаўне доўгі век, а вось на шчасце паскупіўся. Яна была яшчэ дзіцем, калі цяжка захварэла і не змагла хадзіць маці. 30 гадоў знаходзілася ў такім стане. Дачка даглядала яе да апошніх дзён, потым — бацьку. У маладым узросце пайшоў з жыцця муж. Страціла 11-гадовую ўнучку, якая памерла раптоўна. Летась дачасна абарвалася жыццё адзінага сына. «Ніколі ні з кім не сварылася, усім жадала і жадаю толькі дабра. Малілася і малюся Богу. А чаму ён мяне так пакараў?» — не знаходзіць адказу бабуля. Але не заліваецца слязамі, а расказвае мне, як ёй дапамагаюць людзі і дзяржава, і ўсмешка ўдзячнасці асвятляе яе твар.

«Столькі гора і бед выпала на долю Ядвігі Сігізмундаўны, — расказвала мне фельчар Валкоўскага ФАПа Ларыса Маслоўская. — Але яна пакорліва прымае выпрабаванні лёсу і нікога не даймае скаргамі на жыццёвыя цяжкасці. Кожнаму можна павучыцца ў яе цярпенню. Заўсёды сустракае з усмешкай, праводзіць з найлепшымі словамі».

У мяне таксама засталося пазітыўнае ўражанне ад сустрэчы з юбіляркай, а ўласныя праблемы пасля таго, што пачула ад яе, здаліся зусім неістотнымі. Сапраўды, усё пазнаецца ў параўнанні.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.