Аб’яднаныя гісторыяй і традыцыямі

Главное Общество

Пастаўчане прыйшлі 3 ліпеня на плошчу імя Леніна, каб ушанаваць подзвіг продкаў, парадавацца мірнаму небу над галавой і адзначыць Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Вызваліцелям – кветкі і пашана

Традыцыйна ўрачыстасці пачаліся з мітынгу ля помніка ў гарадскім скверы на цэнтральнай плошчы. На яго сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў горада, ваеннаслужачыя воінскіх часцей, якія размешчаны на тэрыторыі раёна, навучэнцы школ і дзяржаўнага каледжа. Прысутных прывітаў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Ён падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці гіс­тарычна звязаны з датай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Складаны шлях прайшоў наш народ, каб сёння жыць свабодна. Свята з’яўляецца сімвалам мужнасці і гераізму, адзінства нашага грамадства, міру і стабільнасці, пераемнасці пакаленняў. Старшыня райвыканкама падзякаваў ветэранам за іх вялікі ўклад у набліжэнне Перамогі, стваральную працу ў мірны час, патрыятычнае выхаванне моладзі. А таксама запэўніў, што сучаснае пакаленне зберагае славу дзядоў і прадзедаў, памнажае іх здабыткі. Дынамічна развіваецца і наш раён. На Пастаўшчыне ўзводзіцца жыллё, стабільна працуюць прамысловыя прадпрыемствы, развіваюцца бізнес і прадпрымальніцтва. Усё гэта з’яўляецца падставай  для гонару за родны край.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Барыс Дзмітрыевіч Сямашка і Іларыён Савельевіч Русалоўскі
Вераніка Казлоўская робіць сэлфі з маладымі актывістамі раёна

Ад імя маладога пакалення гараджан і гасцей павіншавала са святам выконваючая абавязкі першага сакратара райкама грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вераніка Казлоўская. Затым прысутныя застылі ў хвіліне маўчання. Пад размераныя ўдары метранома, напэўна, многія ўспаміналі родных, якія не вярнуліся з фронту або пайшлі з жыцця пазней, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны мужна адстойвалі незалежнасць Радзімы. Да помніка воінам-вызваліцелям удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі, прагучаў збройны салют.

Суверэнітэт – у руках маладых

— Дзень Незалежнасці — галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, — гаварыла перад пачаткам урачыстасцей у інтэрв’ю газеце Вераніка Казлоўская. — Наша краіна славіцца сваёй багатай гісторыяй, працоўнымі і культурнымі традыцыямі. І ўсё ж, калі аглянуцца ў мінулае і параў­наць яго з тым, што маем, то нам ёсць чым ганарыцца. Усё, што з’яўляецца гонарам Беларусі, зроблена рукамі яе жыхароў. На нас, маладое пакаленне — нашчадкаў пераможцаў, ускладзена вялі­кая адказнасць — памятаць мінулае, берагчы заваяваны мір і ўмацоўваць суверэнітэт краіны.

Дзень Рэспублікі яшчэ і светлае свята надзеі і веры ў нашу Беларусь і працавітых, таленавітых беларусаў.  Ёсць кім ганарыцца і на Пастаўшчыне. І не толькі людзьмі старэйшага пакалення, але і маладымі. Юныя пастаўчане займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, умеюць адстойваць свае прынцыпы і погляды, упэўнена заяўляюць пра сябе на прадметных алімпіядах, розных творчых конкурсах.

Ганаровае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь на святкаванні Дня Незалежнасці ў Паставах было прадастаўлена актывістам-БРСМаўцам — механіку малочнага завода Андрэю Русаку, старшаму інспектару групы кадраў  аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандру Генюшу і выпускніцы гімназіі — уладальніцы залатога медаля Крыс­ціне Клянтак.

Маладое пакаленне шмат робіць па ўвекавечанні памяці пра гістарычнае мінулае. Працуюць валанцёрскія атрады, якія займаюцца пошукам воінскіх пахаванняў, устанаўліваюць імёны загінулых воінаў. У цэнтры ўвагі — ветэраны, былыя малалетнія вязні. Ім аказваецца дапамога ў штодзённым жыцці.

І песняй праславілі

Святочны канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які адбыўся на плошчы імя Леніна, адкрыў ансамбль барабаншчыц дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза. Затым слова ўзяў ваенны камісар раёна Мікалай Кулік. Ён далучыўся да віншаванняў папярэдніх выступоўцаў і ўручыў юбілейныя медалі «100 гадоў Узброеным Сілам Беларусі» вялікай групе былых ваеннаслужачых, сярод якіх Юрый Копасаў, Уладзімір Маркаў, Аляксандр Астравушка, Юрый Шушуноў, Міхаіл Кучар, Юрый Руднеў і наш пазаштатны фотакарэспандэнт Сяргей Вшыўкаў.

Медаль атрымлівае Сяргей Вшыўкаў
Удзельнікі вакальнай студыі «Славія»

У праграму канцэрта былі ўключаны самыя лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці. Гучалі песні пра Беларусь і Паставы. Гледачы шчыра апладзіравалі  салісткам Ганне Антух, Ірыне Гетні­кавай, Марыі Сеганкевіч, Ірыне Іршонак, удзельнікам вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, узорнай цыркавой студыі «Каскад», танцавальнага калектыву «Карамелькі», народнага ансамбля народнай песні «Вітанне», заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Паазер’е», палкоўніку 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Беларусі Яўгенію Герасімаву, медыцынскай сястры гэтай установы Жанне Дзехцяронак.

Шмат кніг чытай – будзеш ведаць свой край

Гэта назва літаратурнай акцыі, якую на галоўнай плошчы горада правялі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Увагу прыцягвала выстава «Пастаўшчына — блакітная жамчужына Беларусі». Яна складалася з чатырох раздзелаў: «Пастаўшчына ў аб’ектыве гісторыі», «2018-ы — Год малой радзімы», «Дзень сённяшні: поспехі і дасягненні» і «Звонкае слова землякоў». Тут можна было азнаёміцца з адпаведнай літаратурай, а яшчэ паў­дзельнічаць у віктарыне «Ці ведаеш ты свой край?». Жадаючых праверыць свае веды было шмат. Падыходзілі людзі розных узростаў. Большасць з іх адказы на пытанні, якія задавалі Наталля Балошка, Іна Бандарэнка і Ірына Жукян, знаходзілі хутка, некаторым прыходзілася падумаць. І ўсё ж віктарына паказала, што пастаўчанам блізкая гісторыя роднага краю, яны ёй цікавяцца і ведаюць яе.

Сям’я Копасавых правярае свае веды падчас віктарыны

* * *

Праграма святкавання Дня Незалежнасці ў Паставах была падрыхтавана вялікая. На жаль, у сувязі з няўстойлівым надвор’ем прыйшлося адмяніць фестываль фарбаў Холі і канцэрт з удзелам рок-груп «Высокое давление», «Мисс Терра» і кавер-бэнда «Пошумим!», запланаваныя на вечар.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара і Сяргея ВШЫЎКАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.