Ад камсамольскага вяселля да ізумруднага

Общество

Случчанка Галя разам з аднакурсніцай у далёкім 1964 годзе прыехала для праходжання пераддыпломнай практыкі на Пастаўскі малочны завод. Спынілі выпадковага прахожага, каб спытаць, дзе можна паабедаць. Той прапанаваў паехаць у адну са сталовых. Прыемна пася­дзелі і развіталіся.

Пакой практыканткі знялі ў гаспадароў па вуліцы Садовай, бліжэй да месца працы. Выйшаўшы вечарам на вуліцу, сустрэлі нядаўняга знаёмага — ён кватараваў па суседстве. Вячаслаў родам з невялікай вёсачкі Круткі, што ў нашым раёне. Працаваў вадзіцелем у сельгастэхніцы. Яму прыглянулася адна з дзяўчат — усмешлівая, прыветная. Пачуцці выпрабоўвалі дзевяць месяцаў. Затым згулялі камсамольскае вяселле.

Гісторыю знаёмства гэтай пары я пачула на свяце вуліц Садовай, Меліярацыйнай, Веры Харужай у Паставах. На апошняй і жывуць Вячаслаў Казіміравіч і Галіна Сафронаўна Сініца. Іх дом першым сустракае кожнага, хто тут праходзіць. Парадак ідэальны. З густам падабраныя дэкаратыўныя формы, шмат кветак. Гаспадары вечарамі любяць пася­дзець на лавачцы каля веснічак.

— Распісваліся ў Доме культуры па вуліцы Чырвонаармейскай, — успаміналі Вячаслаў Казіміравіч і Галіна Сафронаўна. — Граў духавы аркестр, акрамя радні і сяброў, на вяселлі прысутнічалі калегі, кіраўніцтва малочнага завода і сельгастэхнікі. Вернасць юнацкаму каханню мы пранеслі праз усё жыццё.

Радзіма Галіны Сафронаўны — вёска Сурагі Слуцкага раёна. У сям’і было чацвёра дзяцей. Яна дзіцем зведала ваеннае ліхалецце. Пасля вучобы лёс прывёў у Паставы. І жанчына яму за гэта ўдзячная.

— Стараемся жыць у згодзе, слухаць адно аднаго і чуць, уступаць, падтрымліваць словам і справай, — дзяліліся вопытам ізумрудныя юбіляры. — Іншы раз трэба прамаўчаць, а не падліваць масла ў агонь. Паміж мужам і жонкай павінны быць узаемаразуменне і даверлівыя адносіны. «Зброя» жанчыны — добрае слова, мудрасць.

З дня вяселля мінула амаль 55 гадоў. На сумесным шляху ўсяго хапала: і вясёлага, і сумнага, і нават трагічнага. Але, нягледзячы ні на што, у святы і ў будні, у радасці і ў горы яны надзейна ішлі поплеч, падтрымліваючы адно аднаго. Выраслі дзеці: дачка жыве ў Мінску, сын — у Гомелі. Радуюць поспехамі ўнукі. Па магчымасці ўсе наведваюцца ў бацькоўскі дом. А гэта найбольшае шчасце.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.