Адны з лепшых у рэгіёне

Культура

12 ліпеня ў рамках фестывалю «Славянскі базар ў Віцебску» прайшоў абласны конкурс духавой музыкі «Віват аркестр-2018!»

На адкрытай пляцоўцы на плошчы Свабоды ў музычным майстэрстве спаборнічалі 13 духавых аркестраў Віцебскага рэгіёну. Сярод удзельнікаў былі і пастаўчане — узорны духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам Леаніда Косава. Музыкі выбралі для конкурсу два творы: «Чардаш» Віторыа Монці (сола на кларнеце — Дзмітрый Дзявятнікаў) і п’есу на народныя тэмы «Беларуская катавасія».

Журы высока ацаніла выступленне пастаўскага аркестра і яго саліста ў прыватнасці. Па выніках конкурсу ўзорны духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа заняў ганаровае другое месца.

— Гэты вынік вельмі важны для нашага калектыву, больш за пяць гадоў мы не атрымлівалі ніякіх узнагарод. І ў гэты раз я настроіў юных музыкантаў на поспех, якога мы амаль дамагліся, — расказваў Леанід Косаў. — Дзеці, безумоўна, вельмі радыя. Мы атрымалі велізарны стымул да далейшага развіцця. І наша чарговая мэта — атрымаць перамогу ў наступным абласным конкурсе духавой музыкі «Віват аркестр».

Наталля Налей