Акцэнт – на спорт!

Спорт

Канікулы — гэта найлепшы час забыць пра вучобу, кніжкі, сшыткі і трохі пагультаяваць. Але не для выхаванцаў Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы — для іх гэта пара бесперапынных трэніровак на свежым паветры і ў спартыўнай зале.

50 юнакоў і дзяўчат павышаюць сваё спартыўнае майстэрства ў дзённым аздараўленчым лагеры «Алімпіец» на базе дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» .

— Наш лагер накіраваны ў першую чаргу на аздараўленне. І, вядома ж, на паляпшэнне фізічнай формы выхаванцаў спартыўнай школы, — расказваў начальнік лагера Павел Вавінскі. — Усяго ў перыяд з 16 ліпеня па 2 жніўня (першая змена) і з 9 па 26 жніўня (другая) тут плануецца аздаравіць 100 дзяцей. Пуцёўкі поўнасцю бясплатныя, за кошт Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Хлопцы і дзяўчаты па­дзелены на 3 атрады: два з іх — валейбалісты (трэнеры — Генадзь Савосін і Іна Малец) і адзін — лёгкаатлеты (трэнер — Інга Роліч).

Спартсмены прыхо­дзяць сюды каля 9 гадзін раніцы. Для іх арганізавана бясплатнае трохразовае харчаванне ў кафэ «Лагуна». Кожны дзень пачынаецца з традыцыйнай зарадкі. Перад сняданкам ладзяцца спаборніцтвы паміж атрадамі. Затым трэнеры і медсястра праводзяць гутаркі на тэму здаровага ладу жыцця, па медпадрыхтоўцы, про­філь­ных відах спорту і прафілактыцы траўм. Два-тры разы ў тыдзень дзеці разам з выхавальнікамі ходзяць на экскурсіі, дзе знаёмяцца з работай ратаўнікоў, міліцыянераў і прадстаўнікоў іншых прафесій. Двойчы ў тыдзень, калі дазваляе надвор’е, выязджаюць на адпачынак на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі».

Пасля абеду — розныя спартландыі, валейбол, футбол і іншыя рухомыя гульні, а таксама адпрацоўка прыёмаў гульні. А пасля падвячорка, каля 5 гадзін вечара, стомленыя, але задаволеныя хлопцы і дзяўчаты разыходзяцца па дамах, каб на наступны дзень з новымі сіламі пачаць усё спачатку.

Тэкст і фота Наталлі Налей



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.