Апантаныя ідэямі турызму

Главное Общество

Незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі падарыў зборнай камандзе нашага раёна ўдзел у абласным турыстычным злёце моладзі. Ён праходзіў 6—8 ліпеня ва Ушацкім раёне і быў прысвечаны 73-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 100-годдзю ўтварэння УЛКСМ.

Урачыстае адкрыццё злёту адбылося на мемарыяльным комплексе «Прарыў». Затым усе перамясціліся на бераг возера Вечалле, дзе і разбілі на тры дні палатачны гарадок. У склад нашай каманды ўваходзілі 27 чалавек — не толькі ўдзельнікі спартыўных стартаў, але і мастацкай самадзейнасці, повары, суддзі, тыя, хто арганізоўваў камфортны быт. Некаторыя сумяшчалі спартыўныя спаборніцтвы з творчымі і інтэлектуальнымі, гаспадарчай дзейнасцю. Вялікая заслуга ў падборы членаў каманды належыць Сяргею Зямчонку, Уладзіміру Каралю, Вользе Танана і Сяргею Арэхаву, якія акумулююць вакол сябе такіх жа апантаных людзей, як і самі. Смачнымі стравамі пастаўскіх турыстаў частавалі прафесійныя повары нашага дзяржаўнага каледжа Вольга Лук’янава і Алёна Філь, рабілі гэта якасна і своечасова. Сяргей Рабовіч сачыў, каб не згасаў паходны касцёр. Пра транспарт і тэхнічнае аснашчэнне паклапаціліся супрацоўнікі ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», пра харчаванне — аддзел ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за кошт сродкаў, накіраваных на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі.

Удзельнікі абласнога злёту мераліся сіламі ў турысцка-прыкладным мнагаборстве ў тэхніках пешаходнага, веласіпеднага і воднага турызму, спартыўным арыентаванні. Ярка і крэатыўна прадставілі свае каманды ў конкурсах мастацкай самадзейнасці, турысцкага быту і навыкаў, конкурсе газет, у гісторыка-патрыятычнай віктарыне.

У тэхніцы пешаходнага турызму добра сябе праявілі маладыя прадстаўнікі каманды Анастасія Папова, Яўгеній Скрыдлеўскі, Сяргей Савінскі. Амаль наблізіліся да прызавых месцаў Валерый Каліцкі і Вольга Шышко, якія пераадольвалі водныя перашкоды на байдарках і ў выні­ку занялі 5-е месца. Яшчэ бліжэй падышлі да перамогі Сяргей Бамбізаў, Вячаслаў Врублеўскі і Алена Варашкевіч — яны сталі чацвёртымі ў спартыўным арыентаванні. Затое інтэлектуалам Анжэле Жукавай, Аксане Міхалевіч, Дзянісу і Вераніцы Сіланавым удалося амаль бездакорна адказаць на пытанні віктарыны і прынесці ў скарбонку каманды 3-е месца ў гэтым конкурсе. «Бронза» ў конкурсе мастацкай самадзейнасці і ў артыстаў з «Навасёлак-Лучая», якім дапамаглі ўвасобіць фір­менную візітку Вераніка Сіланава, Максім Юковіч, Анжэла і Артур Жукавы і іншыя. І хоць пераможны Кубак у агульнакамандным заліку пастаўчане заваяваць не змаглі, выступіла наша каманда годна і заняла выніковае 6-е месца. Гэта найлепшы вынік за апошнія гады.

— Мяркую, што так паспяхова заявіць пра сябе нам удалося, дзякуючы зладжанасці каманды, у якую сёлета ўвайшлі надзвычай актыўныя, ініцыятыўныя і апантаныя ідэямі здаровага ладу жыцця і турызму людзі. На злёце панавала атмасфера сяброўства, мы набылі новых знаёмых з іншых раёнаў, — дзялілася эмоцыямі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко. — Удзячная ўсім без выключэння ўдзельнікам каманды, якія не пашкадавалі асабістага часу, каб выступіць за Пастаўшчыну. Разлічваю на далейшае супрацоўніцтва.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.