Добраўпарадкаванне выклікае пытанні

Важное Местная власть

Прыём вядзе старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік

У мінулы аўторак прадстаўнікі мясцовай улады правялі сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства. Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік прымаў наведвальнікаў у памяшканні сярэдняй школы №5, яго намеснік Павел Станюш — у раённым Доме культуры.

Пастаўчанку, якая прыйшла на сустрэчу з кіраўніком раёна, хвалявала пытанне добраўпарадкавання райцэнтра. У прыватнасці, жанчыну і яе суседзяў не задавальняе знешні выгляд тэрыторыі вакол двух дамоў па вуліцы Чыгуначнай. У абодвух ніхто не жыве, кожнае лета яны стаяць зарослыя бур’яном.

— Траву вакол дамоў уласнікі жылля абкошваюць толькі пасля паведамленняў адпаведных служб. Так быць не павінна, — упэўнена наведвальніца. — У невялікай вёсачцы, дзе амаль няма жыхароў, і самі людзі, і мясцовая ўлада сочаць за добраўпарадкаваннем. Маю на ўвазе Янчукі Валкоўскага сельсавета. А ў Паставах нават у цэнтры горада можна ўбачыць пустазелле, якое напалову закрывае вокны прыватнага дома. І гэта не адзінкавы факт.

Таксама жанчына прасіла звярнуць увагу на аварыйнае дрэва па вуліцы Чыгуначнай.

Пытанні добраўпарадкавання вуліц Станкевіча і Касманаўтаў узняла і група пастаўчанак, якія прыйшлі на сустрэчу з Паўлам Станюшам. Жанчыны занепакоены станам сажалак у мікрараёне 5 гарадка: яны больш нагадваюць сметнік, чым месца адпачынку. Толькі сёлета падчас суботніка з гэтай тэрыторыі вывезена 2 прычэпы смецця. Прапанавалі праводзіць сумесныя акцыі па навядзенні парадку ў гарадку, актыўна задзейнічаць у іх моладзь, запэўнілі, што і самі не застануцца ўбаку. Хвалююць наведвальніц забаўляльныя ўстановы «Карамболь» і «У нас». Апошнюю, са слоў жанчын, у народзе ўжо перайменавалі ў «Ужас». Часта яны працуюць з парушэннем рэжыму работы, як гаворыцца, да апошняга кліента. І гэта стварае жыхарам мікрараёна пэўныя нязручнасці.

Таксама адна прадстаўніца з гэтай групы жанчын агучыла і асабістыя заўвагі. Яны тычацца вулічнага асвятлення, недастатковай чысціні на кантэйнерных пляцоўках, дрэннага дваровага праезду да аднаго з дамоў па вуліцы Станкевіча, у якім, да ўсяго, працякае дах над уваходам у кватэру. Не падабаецца ёй і тое, што біятуалет касцёла, будаўніцтва якога вядзецца ў 5 гарадку, размешчаны літаральна пад вокнамі кватэр дома па суседстве.

Наступная жыхарка райцэнтра звярнулася да Паўла Станюша па пытанні карыстання агульнай дваровай тэрыторыяй. Непаразуменні ў яе ўзніклі з суседам. Справа ў тым, што жанчына атрымала ў спадчыну ізаляванае памяшканне (кватэру) у блакіраваным 3-кватэрным доме. Зямля вакол яго знахо­дзіцца ў агульнай долевай уласнасці. Прасцей кажучы, кожны з уласнікаў жылля можа выкарыстоўваць яе па сваім меркаванні. Але, на думку наведвальніцы, сусед робіць гэта на шкоду астатнім: амаль увесь двор захламіў будаўнічымі матэрыяламі і іншымі рэчамі. Ці адпавядаюць прыведзеныя факты рэчаіснасці, высветліць спецыяльна створаная камісія. Што да такіх пытанняў паміж суседзямі, то яны ўзнікаюць вельмі часта. Вырашыць іх можна альбо дасягнуўшы ўзаемаразумення, альбо падзяліўшы зямлю ў судовым парадку.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.