Хлеб даецца цяжкай працай

Главное Сельское хозяйство

Сонечны суботні дзень блізіўся да завяршэння, а на жытнёвым палетку за вёскай Рубеж кіпела работа. Тут рупіліся хлебаробы дварчанскага аддзялення ААТ “Камайскі-агра”. Ва­дзіцель Казімір Чапскі спя­шаўся на выгрузку збожжа новага ўраджаю. А ў полі першым сустрэла камбайнера Івана Яркоўскага. Засмучаны, ён сядзеў у кабіне камбайна. “І змену не адпрацаваў, як спатрэбіўся рамонт, — патлумачыў прычыну дрэннага настрою. — Запчастку зараз павінны прывезці, але ж час змарнаваны”.


Гаспадаркі раёна практычна ўбралі азімы рапс і ў мінулыя выхадныя, якія выдаліся сонечнымі, прыступілі да жніва збожжавых і зернебабовых. У раёне яны займаюць 12076 гектараў. З іх 2631 — у ААТ “Камайскі-агра”, 1926 — “Навасёлкі-Лучай”, 1310 — “Хацілы-агра”, 1095 — у СП “Дунілавічы-агра”, 1061 — “Ляхаўшчына-агра”. У першыя дні ў Камаях убралі 170 гектараў, Дунілавічах — 112. Гэта азімыя культуры. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне — 28,4 цэнтнера, а ў ААТ «Хацілы-агра» — 49,2.


Іван у Дварчаны пераехаў некалькі гадоў таму з Валкоў. “Працавіты, адказны, — характарызаваў яго начальнік аддзялення Віктар Вайцякян. — І камбайн рыхтаваў дасканала. Але нічога вечнага няма. Зламалася цяга нажа. Добра, што запчастка была ў наяўнасці. Праз гадзіны паўтары зноў уключыцца ва ўборку. Увогуле, усе механізатары, вадзіцелі вопытныя, старанныя. У іх я ўпэўнены. Толькі б над­вор’е не падкідвала сюрпрызаў і дало магчымасць справіцца са жнівом у сціслыя тэрміны”.

На наступным полі круг за кругам рабіў Уладзіслаў Пылінскі. Яго асноўнае месца работы — цэнтральная раённая бальніца. А як толькі пачынаецца жніво, штогод накіроў­ваецца на дапамогу хлебаробам Камайшчыны. “Зер­не, можа, крыху і вільготнае, — з вадзіцелем Валерыем Кірплюком (на здымку) яны мацалі каласы, нават на зуб спрабавалі. — Ды чаму дзівіцца — столькі дзён ішлі дажджы. А вось колас крыху шчуплаваты, для яго наліву вільгаці не хапіла. І паспявае збажына нераўнамерна — на гліне яшчэ зеленаватая. Якім будзе жніво, ніхто не прадкажа. За плячыма больш за 40 сезонаў. Пачынаў памочнікам, самастойна першы раз сеў за руль «Нівы», цяпер гомсельмашаўскім «Палессем» кірую. Кожнае жніво па-свойму асаблівае. Хлеб заўсёды здабываецца цяжкай працай. Ды нам не прывыкаць”.

За два дні Уладзіслаў Пылінскі намалаціў каля 70 тон. У панядзелак дварчанскія камбайнеры збіраліся пераязджаць у сакунскае аддзяленне. Планы перакрэсліў дождж…

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.