Хораша жывецца ў вёсцы

2018 год — Год малой радзімы Общество

Пятру Вайцяшонку ў асяроддзі казачных персанажаў, якія ажываюць са старонак дзіцячых размалёвак, як толькі ён бярэ ў рукі інструменты

Пётр Сяргеевіч — ваенны пенсіянер. Больш за 10 гадоў таму пераехаў жыць з Пастаў у родную вёску Дуброва. За сваю актыўнасць быў выбраны старэйшынам вёскі, а пазней стаў дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў па Курапольскай выбарчай акрузе. Па выніках 2017 года прызнаны лепшым старэйшынам раёна і ў гэтым годзе з рук старшыні райвыканкама атрымаў каштоўны падарунак.

Пётр Сяргеевіч — добры гаспадар. Якім было маё здзіўленне, калі ён распавядаў пра тое, як сам садзіць кветкі, даглядае іх, ведае ўсе назвы. Вакол дома шмат фігур з дрэва, зробленых рукамі вяскоўца.

— Адкуль бераце ідэі? — пытаюся.

І праз хвіліну мужчына вынес з дома стос дзіцячых размалёвак, са старонак якіх і ажылі казачныя персанажы. Новыя — Кот-кухар, мілы Вожык і яркая пара Жаб — зробленыя восенню мінулага і вясной гэтага года. Пётр Сяргеевіч стварае ўсю гэту прыгажосць не толькі для сябе. З радасцю робіць пад заказ або дорыць сваім родным. Многія яго работы ўпрыгожваюць Паставы і іх наваколле.

— Колькі ж патрабуецца часу, каб выразаць фігурку? — цікаўлюся.

— Усё залежыць ад колькасці дробных дэталяў: чым іх менш, тым хутчэй. Хапае прыкладна 1-2 гадзін, — адказвае.

Жонка Пятра — Вольга — жыве ў Паставах, працуе ў АДРАЦ «Ветразь» медсястрой у лячэбным корпусе. Жывуць, як гаворыцца, на два дамы. Вольга кожны ты­дзень прыязджае ў Дуброва дапамагчы па гаспадарцы, а Пётр ездзіць у Паставы.

— Я ўдзячны Олі за разуменне, што для мяне жыццё ў вёсцы многае значыць. Калі б яна паставіла мне ўмову: выбірай, вёска ці я, то я, безумоўна, выбраў бы Вольгу. Але я быў бы ўжо не я… Дзякуй жонцы за мудрасць, — дзяліўся П. С. Вайцяшонак.

Ёсць у сям’і ўласная гаспадарка: 19 курэй пароды арпінгтон, конь, пара гусей. Маюць агарод плошчай 1 гектар, які штогод дае багаты ўраджай. Займаюцца развядзеннем розных гатункаў бульбы: «гала», «белы лебедзь», «скарб», «лілея» і іншыя.

Пётр Вайцяшонак — вясковы чалавек, тут ён адпачывае душой. Добра адзываюцца пра яго аднавяскоўцы і жыхары суседніх вёсак: заўсёды дапаможа і словам, і справай.

Тэкст і фота Наталлі Налей