Хроніка здарэнняў

Важное Правовое поле

Укралі грошы

У канцы чэрвеня ў пенсіянеркі з вёскі Буцавічы прапала невялікая сума грошай. Родныя жанчыны звярнуліся ў РАУС, супрацоўнікі якога ўстанавілі: злодзей — сусед пацярпелай, у свае 37 гадоў нідзе не працуе. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, ён змог адкрыць унутраны кручок на ўваходных дзвярах і знайсці ў доме грошы. У адносінах да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу і да суда змясцілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання.

Аналагічная крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах да жыхара вуліцы Матросава з Пастаў, які каля рэстарана “Світанак” украў кашалёк з грашыма ў жыхаркі вуліцы Чырвонаармейскай.

Амаль паводле Шэкспіра

У адзін з чэрвеньскіх дзён у РАУС паступіла заява ад пастаўчанкі з вуліцы Станкевіча. Жанчына прасіла прыцягнуць да адказнасці свайго 53-гадовага мужа, які нідзе не працуе і раней быў асуджаны. Прычына — пагроза забойствам. Падчас канфлікту, узніклага на глебе асабістых непрыязных адносін, мужчына пагражаў задушыць заяўніцу, сціскаючы яе шыю рукамі.

Такі ж спосаб правучыць жонку выбраў і 29-гадовы жыхар вуліцы Касманаўтаў, прыраўнаваўшы каханую да іншага. Сцэна рэўнасці разыгралася ў аўтамабілі. Схапіўшы рэмень бяспекі, новаспечаны атэла абматаў ім шыю “нявернай” і пачаў сціскаць. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б ахвяра раўніўца не аказала актыўнае супраціўленне. У выніку атрымала траўму левай кісці і была вымушана звярнуцца ў бальніцу.

Абодвух мужчын чакае суд. Ім пагражае пакаранне ад грамадскіх работ да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Звычка горш за няволю

Раённым аддзелам Следчага камі­тэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да 28-гадовай непрацуючай жыхаркі райцэнтра, якая пакутуе ад таксікаманіі. Па прычыне сваёй залежнасці грамадзянка ўжо двойчы прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, але кінуць нюхаць клей так і не змагла. І вось у чарговы раз была заўважана праваахоўнікамі ў грамадскім месцы пад уздзеяннем таксічных рэчываў. Цяпер маладая жанчына зноў адправіцца за краты.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.