Хвалілі, крытыкавалі, узнагароды ўручалі

Важное Правовое поле

Аляксандр Гарус уручае грамату ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Андрэю Грэську

Нарада па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за першае паўгоддзе 2018-га і далейшых задачах па ўмацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю адбылася на мінулым тыдні ў раённым аддзеле ўнутраных спраў.

Акрамя асабовага складу РАУС, удзел у ёй прынялі старшыня суда Пастаўскага раёна Анатолій Карытка, пракурор раёна Ігар Валынец, начальнік міжраённага аддзела ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Юрый Пчалінцаў, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чатовіч.

У справаздачным дакладзе начальнік РАУС Аляксандр Гарус адзначыў, што супрацоўнікамі міліцыі ажыццёўлены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на барацьбу са злачыннасцю, ахову грамадскага парадку і далейшае ўдасканаленне аператыўна-службовай дзейнасці, што дало магчымасць забяспечыць на тэрыторыі раёна належны ўзровень правапарадку, асабістую і маёмасную бяспеку грамадзян.

На належным узроўні была арганізавана работа падраз­дзялення крымінальнага вышуку. Ім ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі аддзела дасягнуты высокі працэнт устанаўлення падазроных па крымінальных справах. А працэнт устанаўлення асоб, якія ўчынілі крадзяжы, з’яўляецца самым высокім за апошнія 6 гадоў. Ёсць чым ганарыцца і супрацоўнікам міліцыі грамадскай бяспекі. Яны паспяхова арганізавалі прафілактычную работу па недапушчэнні здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць асобы, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін. Вынікам сумеснай работы з пракуратурай раёна і Пастаўскім РАСК у гэтым напрамку з’явілася ўзбуджэнне 12-ці крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці (летась — 3). У першым паўгоддзі не зафіксавана забойстваў, згвалтаванняў, вымагальніцтваў, разбояў.

Асабовы склад раённага аддзела ўнутраных спраў

Разам з тым ёсць і шэраг негатыўных момантаў. Гэта рост агульнай злачыннасці ў раёне, у тым ліку дзіцячай і рэцэдыўнай, павелічэнне ліку злачынстваў, здзейсненых у грамадскіх месцах, «п’янай» злачыннасці. Не страціла сваёй актуальнасці і дарожная бяспека. У выніку дарожна-транспартных здарэнняў з пачатку года адзін чалавек загінуў, два атрымалі траўмы. Нягледзячы на зніжэнне рэзультатыўнасці работы аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, варта адзначыць, што яго супрацоўнікамі выяўлены шэраг злачынстваў, здзейсненых службовымі асобамі раёна.

У справаздачным перыядзе не зафіксавана фактаў здзяйснення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў супрацоўнікамі РАУС, прыбыцця іх на службу ў стане алкагольнага ап’янення. Аднак Аляксандр Гарус лічыць, што супакойвацца не варта. У гэтай сувязі сярод іншых прыярытэтных задач на другое паўгоддзе вылучыў і пільны кантроль за дысцыплінай асабовага складу міліцыі. Бо толькі ўзорныя, законапаслухмяныя паво­дзіны саміх міліцыянераў у поў­най меры дазволяць ім патрабаваць таго ж ад навакольных. Разам з тым Аляксандр Мікалаевіч чакае ад сваіх падначаленых і эфектыўнай працы. Таму не абышлося без «разбору палётаў». Начальнік РАУС папярэдзіў некалькіх участковых інспектараў, што калі яны не зменяць свайго стаўлення да работы, то ўшчуваннямі не абы­дзецца — давядзецца развітацца з міліцэйскімі пагонамі. У цэлым жа, са слоў Аляксандра Гаруса, калектыў РАУС зладжаны, падрыхтаваны, здольны забяспечыць выкананне пастаўленых задач.

Выступленне Аляксандра Мікалаевіча дапоўнілі начальнікі: крымінальнай міліцыі — Дзмітрый Куталёў, міліцыі грамадскай бяспекі — Аляксандр Мядзелка, крымінальна-выканаўчай інспекцыі — Дзмітрый Салагуб, інспекцыі па справах непаўналетніх — Віталій Кішко і часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Павел Свірбутовіч. Яны больш падрабязна спыніліся на дасягненнях і негатыўных момантах у зонах сваёй адказнасці, планах на перспектыву.

Завяршылася нарада ўзнагароджваннем найлепшых супрацоўнікаў міліцыі і прысваеннем чарговых спецыяльных званняў. Так, граматай упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама адзначаны старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Андрэй Грэська, Падзяка аб’яўлена ўчастковаму інспектару міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Віталію Гарбулю і ўчастковаму інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх Дзмітрыю Юргялевічу. Граматай аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ўзнагароджаны члены добраахвотнай дружыны УП ЖКГ майстар Аляксандр Стоцік і мастак-афарміцель Рыта Снапок. Нагрудны знак «За самаадданую службу» ІІ ступені ўручаны старшаму інспектару групы кадраў Аляксандру Генюшу і начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх Віталію Кішко. Капітанскія пагоны атрымалі Аляксандр Генюш, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Ілья Чарняўскі і інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Дзміт­рый Жук. Званне старшага лейтэнанта міліцыі прысвоена опер­упаўнаважаным: аддзялення крымінальнага вышуку — Канстанціну Леанаўцу і Дзміт­рыю Козелу, групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі — Яўгенію Унтану, участковым інспектарам міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Алегу Шаркоўскаму і Вячаславу Гусейнаву.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.