Каб хлеб мець, трэба нямала папацець

Главное Сельское хозяйство

Камбайнер Васілій Будзько з унукам Ванем

Так вучыць свайго ўнука Ваню адзін з найстарэйшых хлебаробаў СП «Дуніла­ві­чы-агра» Васілій Будзько. Хлопчык жыве ў Віцебску, але, калі прыязджае ў Дунілавічы, любіць бываць у полі, назіраць, як дзядуля прафесійна кіруе магутнай машынай, як пакорна схіляюцца каласы перад жаткай камбайна. Цікавіцца тэхнікай. А Ва­сілій Аляксандравіч, за плячыма якога больш за сорак гадоў механізатарскага стажу, з радасцю адкрывае хлопчыку свае земляробскія сакрэты, вучыць беражлівасці і робіць усё для таго, каб малы з ранняга дзяцінства ведаў, якой цаной даецца хлеб.

У мінулую суботу сям’я Будзько адзначала 40 гадоў сумеснага жыцця — рубінавае вяселле. Жонка Васілія Аляксандравіча родам з Навагрудка, у Дунілавічы прыехала па размеркаванні на пасаду агранома.

— Вяселле гулялі ў двух баках, — успамінаў «жа­ніх». — А жніво ў той год пачыналі ў пачатку жніўня. Яму заўсёды папярэднічалі зажынкі. Якое свята было! Апошнім часам гэта традыцыя чамусьці знікла — ні зажынак, ні дажынак. Сумнавата. Сёлета ўбі­раць заспяшаліся. Праўда, у мінулую суботу пасля пятнічнага ліўня я траляваў рулоны саломы з поля да фермы. Справіўся яшчэ засветла і за стол паспеў. Пасядзелі з раднёй, паўспаміналі пражытыя гады. А на наступны дзень — зноў на камбайн.

Камбайнеры і іх памочнікі: Уладзімір Будзько, Уладзімір Навой, Антон Плюта, Мікалай Грыбок, Аляксандр Плюта і Андрэй Галімскі

Азімыя збожжавыя, якія былі пасеяны больш чым на 400 гектарах, у гаспадарцы абмалацілі, застаўся толькі невялікі кавалачак трыцікале ў Калітах. Пасеяна яно на полі сярод лесу, з-за гэтага яшчэ не даспела. У мінулы чацвер выехалі на ячменнае поле.

Перад Дунілавічамі нас сустрэў лівень. Тэхніка ў полі стала на прыкол, а вадзіцелі і камбайнеры занепакоена паглядалі на неба: толькі б хмара не вярнулася.

Іван Гапон

— Зерневыя і зернебабовыя ў гаспадарцы займалі 1060 гектараў, — расказваў дырэктар Андрэй Сарапененка. — Жніво пачалі на два тыдні раней, чым летась. А да гэтага ўбіралі рапс. Нельга марудзіць і з яравымі. Пасля дажджоў інтэнсіўна пайшлі ў рост травы. Трэба рупіцца, каб яны не заглушылі пасевы. А вось надвор’е работу тармозіць. Людзі перажываюць за ўраджай. Камбайнеры Васілій Будзько і Уладзімір Будзько маюць права на заслужаны адпачынак. Тым не менш з тэхнікай не развітваюцца. І я вельмі ўдзячны ім за старанне. На ўсіх участках работы толькі са станоўчага боку вызначаецца Аляксандр Парневіч. Сёння, праўда, быў вымушаны адправіцца на рамонт. Дзясяткамі гадоў вымяраецца стаж работы на жніве ў Андрэя Галімскага і Уладзіміра Навоя. Са старадворскага аддзялення ў нашу гаспадарку прыйшоў Аляксандр Палітыка, а Аляксандр Плюта камандзіраваны на час жніва з лясгаса. Працуюць з памочнікамі. Кожны зацікаўлены ў тым, каб вырашчаны ўраджай убраць у сціслыя тэрміны і без страт. 

Данііл Сінкевіч і Дзяніс Рамановіч

Каб не здаралася прастояў на адвозцы збожжа з поля на зерняток, задзейні­чаны вадзіцелі Сцяпан Міхалевіч, Дзмітрый Зелянкевіч, Валерый Сініца, Аляксандр Грабоўскі. Яшчэ адну машыну ўзялі ў арэнду ў груздаўскага фермера Анатолія Варанца. На ёй працуе Валерый Мелец. На амкадоры каля зернесушылкі шчыраваў Іван Гапон з УП ЖКГ.

Работа на зернесушыльным комплексе кіпела. Частка збожжа рассыпана на адкрытых пляцоўках. Яго з раскатамі грому ўкрылі плёнкай. Працуюць тут юныя памочнікі — вучні мясцовай школы. На час нашага прыезду стараліся Данііл Сінкевіч і Дзяніс Рамановіч. Аператар Славамір Малец з сынам Аляксандрам, які ў яго ў памочніках, змянілі сваіх папярэднікаў Аляксандра Казловіча і Яўгенія Генюша. Мужчыны сачылі за працэсам сушкі, заклапочана паглядалі ў бок Пятровічаў, над якімі вісела заслона з дажджу. Непагадзь склады абмінула. Асноўнае месца работы Славаміра Мальца — Дунілавіцкая сярэдняя школа, Аляксандра Казловіча — свінакомплекс. Але штогод падчас жніва мужчыны адказваюць за давядзенне збожжа да парадку.

Працягваецца ў гаспадарцы нарыхтоўка кармоў: Валерый Кернер косіць травы на сена, а Станіслаў Зайцаў прасуе салому. Перазалужэнне пашы вядуць Валерый Вайткевіч і Эдуард Рагіня. Рыхтуюцца і да сяўбы азімых, якая распачнецца неўзабаве.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.