Каледж прымае дакументы ў абітурыентаў

Образование

Сёлета Пастаўскі дзяржаўны каледж плануе прыняць у лік сваіх навучэнцаў 283 чалавекі. Пераважная іх большасць будзе займацца на дзённай бюджэтнай форме навучання. Яшчэ 75 юнакоў і дзяўчат набудуць спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі на бюджэтнай завочнай альбо вячэрняй форме навучання, а 15 — завочна за кошт уласных сродкаў (гэта будучыя бухгалтары). Тым, як праходзіць уступная кампанія ва ўстанове, пацікавілася карэспандэнт “ПК” Вераніка Філановіч.

Прыём дакументаў на атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачаўся 15 чэрвеня і фінішуе 20 жніўня. На аснове агульнай базавай адукацыі (пасля 9 класаў школы) у каледжы фарміруюцца групы па спецыяльнасцях: “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Грамадскае харчаванне, гандлёвая справа”; на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (пасля 11 класаў) — “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” і “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”. Залічэнне адбудзецца 24 жніўня. Падаць дакументы на завочную форму навучання па спецыяльнасцях “Сацыяльны работнік” і “Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі” можна будзе з 1 па 10 кастрычніка.

Тэрміны ўступнай кампаніі на другі ўзровень, які прадугледжвае атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, значна карацейшыя. Яна стартавала 20 ліпеня. Для абітурыентаў, якія маюць прафесійна-тэхнічную з агульнай сярэдняй адукацыяй, тут прапануюць спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў па кірунках” і “Грамадскае харчаванне” (апошні дзень падачы дакументаў — 9 жніўня). Упершыню сярэднюю спецыяльную адукацыю ў каледжы па спецыяльнасці “Аўтасэрвіс” могуць атрымаць выпускнікі 9 класаў (дакументы прымаюцца да 3 жніўня). Тых, хто мае дыплом аб агульнай сярэдняй адукацыі і жадае завочна, на платнай аснове набыць спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, у прыёмнай камісіі чакаюць да 16 жніўня.

Да перапынку на абед у першы дзень падачы дакументаў на ўзровень ССА на спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў па кірунках” падалі заявы 17 чалавек (пры плане набору 25). Сярод іх і Вадзім Дунец (на здымку). Летась пасля заканчэння 11 класаў СШ №1 ён паступіў сюды на спецыяльнасць “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Правучыўся год, атрымаў дыплом і вырашыў прадоўжыць адукацыю на другім узроўні навучання, каб атрымаць прафесію тэхніка-механіка. Прагнозы на паступленне ацэньвае як аптымістычныя — агульны сярэдні бал атэстата і дыплома складае 7,2. Дарэчы, у мінулым годзе пры аналагічным плане прыёму заявы на атрыманне гэтай прафесіі падалі 35 чалавек.

— Падводзіць папярэднія вынікі ўступнай кампаніі пакуль яшчэ рана. Аднак магу сказаць, што абітурыенты актыўна падаюць дакументы ў наш каледж, — гаварыла адказны сакратар прыёмнай камісіі Ганна Трацяк. — Пакуль самыя запатрабаваныя прафесіі — аўтамеханік, тэхнік-механік, повар, вадзіцель, электразваршчык і трактарыст.

Найбольшая колькасць абітурыентаў — з нашага і Мядзельскага раёнаў. Карыстаецца папулярнасцю ўстанова адукацыі і ў моладзі са Смаргонскага, Астравецкага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў. Нават ёсць па адным жадаючым паступіць у каледж з Бярозы (Брэсцкая вобласць) і Салігорска (Мінская).

Больш падрабязна азнаёміцца з умовамі паступлення, спецыяльнасцямі, тэрмінамі навучання, неабходным пакетам дакументаў, а таксама сачыць за ўступнай кампаніяй анлайн можна на сайце каледжа, у раздзеле “Абітурыенту”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.