Камбайнеры, на старт!

Главное Сельское хозяйство

Такая каманда прагучыць у бліжэйшыя дні ў гаспадарках Пастаўшчыны

А ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Сцяг Перамогі-агра» два камбайны выйшлі ў поле ў мінулую сераду — Віктар Граблеўскі (на здымку) і Ігар Шыкаў пачалі абмалот рапсу.

Спыняемся ля ўчастка, размешчанага ля самага райцэнтра — за аб’язной дарогай у раёне былой мытні. Знаёмімся з камбайнерам. Віктар Браніслававіч засмучаны — забіваецца матавіла…

«Бачым, што сёння абмалот тут яшчэ не пойдзе, — канстатуе дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Борыс. — Таму перагонім камбайны ў Русіны, дзе рапс спялейшы. Усяго на зерне ён пасеяны ў нас на 113 гектарах».

«Хаця і на гэтым полі верхнія стручкі ўжо раскрыліся і зерне з іх высыпаецца на зямлю, — заклапочана паказваў мне раслінкі першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарчу Генадзій Лютынскі, які прыехаў, каб пагля­дзець, як у гаспадарцы пачынаецца ўборка. — Усё з-за над­вор’я — верхавінкі раслінак «падпаліла» сонца, а ніжнія стручкі яшчэ зеленаватыя.

— А якія віды на ўраджай у цэлым? — пытаюся ў дырэктара таварыства.

 Юрый Барысавіч з прагнозамі асцярожны: «Яравыя, а іх у нас 862 гектары, урадзілі слаба — спёка не дала ім развіцца як мае быць. Нізкія сцябліны, неналітыя каласы. Азімыя нядрэнныя, але іх вельмі мала — з-за бясконцых дажджоў восенню змаглі засеяць усяго 350 гектараў, у той час як у спрыяльныя гады займалі да тысячы гектараў. Усяго на жніве ў гаспадарцы будзе занята пяць камбайнаў, шосты — на абмалоце зерневых на прысядзібных участках і льногаловак».

«Найвышэйшы ўраджай у нас быў у 2015 годзе, — успамінаў Віктар Граблеўскі, які працуе на камбайне ўжо 26-ты сезон. — Я тады намалаціў 1700 тон збожжа і заняў трэцяе месца сярод камбайнераў раёна».

А ў гаспадарцы ён лідзіруе сярод сваіх калег штогод. Канечне, разлічвае на поспех у працы і на сёлетнім жніве. Але гэта не самамэта. Галоўнае для яго, як і для іншых гаспадароў зямлі, — своечасова і без страт убраць вырашчанае.

 Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.