Касілі, здрабнялі, вазілі – запас на зіму стварылі

Сельское хозяйство

Аляксандр Яначкін, Анатолій Шваякоў і Юрый Сівы

У адну з раніц механізатараў адкрытага акцыянернага таварыства «Кураполле-агра» Аляксандра Яначкіна, Анатолія Шваякова і Юрыя Сівага дырэктар Аляксандр Ромель выклікаў да сябе ў кабінет. Але не «на ковёр», а з прыемнай нагоды. У гаспадарку завітаў старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў, каб па­дзякаваць механізатарам за старанне на корманарыхтоўцы, уручыць дыпломы і прэміі.

— Штогод на кожным этапе сельскагаспадарчых работ мы вызначаем лепшых з лепшых, — расказваў Аляксей Аляксеевіч. — Ушанавалі сейбітаў, цяпер чарга тых, хто рабіў усё магчымае, каб зімой жывёла была з кармамі. Засушлівае надвор’е не спрыяла ўраджаю траў для першага ўкосу, таму і выраслі яны не вельмі высокімі і густымі. Тым не менш сенажаці скошаны, зялёная маса складзіравана ў сянажныя траншэі.

Аляксей Філімонаў уручае ўзнагароду Паўлу Валодзьку

Па раёне найвышэйшыя вынікі ў механізатараў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Сяргей Салонінка і Юрый Гваздоў, напрыклад, падабралі і здрабнілі больш чым па 10 тысяч тон зялёнай масы. Яны ўдастоены дыпломаў абкама прафсаюза работнікаў АПК. Дыпломам райкама прафсаюза ўзнагароджаны Руслан Шымко. Ён на МТЗ-3022 з касілкай «КПР-9» скасіў травы больш чым на тысячы гектараў. Узнагароды перадавікам уручаны на традыцыйным свяце, якое ў Навасёлках ла­дзіцца сёння. За старанне на адвозцы зялёнай масы адзначаны механізатар сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Аляксандр Парневіч.

У «Кураполлі-агра» нарыхтавана шмат сенажу ў стрэйч-плёнцы. На прасаванні правяленай масы вызначыўся Аляксандр Яначкін, на рахунку якога амаль 1800 тон карыснага і якаснага корму. Першы год на здрабненні і падборы зялёнай масы працаваў Анатолій Шваякоў. Яго вынік — 5396 тон. Прафесіяналам на касьбе лічыцца Юрый Сівы. На КЗР-10 з касілкай «КПР-9» скасіў 1358 гектараў. Падчас уручэння ўзнагарод падзякаваў механізатарам за руплівасць і дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Аляксандр Ромель.

Яшчэ аднаго перадавіка корманарыхтоўкі, Паўла Валодзьку з ААТ «Хацілы-агра», засталі за рамонтам аўтамашыны. «Жніво не за гарамі, а яшчэ тое-сёе трэба падкруціць, — гаварыў. — Прабачце, рукі мыць няма часу. Калі і пакіну на дыпломе адбіткі».

Сапраўды, час прыспешвае, і ў хлебаробаў на ўліку кожная хвіліна. Пажадаем ім плённай працы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.