Маем тое, што маем

Спорт

«Паставы-ПМЦ»—«Алімп» (Чашнікі) — 2:6

Пасля гэтай няўдалай сустрэчы пастаўчане страцілі нават тэарэтычныя шанцы прабіцца ў фінальны раўнд абласнога першынства. Аднак разлічваць на іншы вынік сёлета было проста нерэальна, бо супраць дарослых каманд вобласці за Паставы гуляюць фактычна 15-17-гадовыя юнакі, таму і саступаюць фізічна больш моцным сапернікам. Нягледзячы на гэта, наша каманда першую палову сустрэчы правяла моцна і адкрыла лік пасля ўзорнай камбінацыі — удала згуляў на набіванні Марк Хмяльніцкі. Калі госці адыграліся, Герман Чалей зноў вывеў каманду наперад. Праўда, перад перапынкам чашнікцам удалося зноў зраўняць лік. На ход сустрэчы вельмі паўплываў моцны дождж, які пачаўся ў другім тайме. Пастаўчане падчас ліўня сталі памыляцца, сапернік гэтым скарыстаўся і дабіўся важнай выязной перамогі.

У гэтым туры глыбачане дабіліся дома валявой перамогі з лікам 3:2 над камандай Міёр. Унічыю (1:1) згулялі паміж сабой фаварыты — “Лепель” і “Полацкгаз”. Ва ўсходняй групе “Б” лідар — “Дзеткасельскі“ (Гарадок) — на сваім полі адолеў “Днепр” (Дуброўна) з лікам 2:1, а віцебскі “Славянскі Велес-Дзвіна” разграміў (5:0) ФК “Шуміліна”. Яшчэ адна каманда абласнога цэнтра, “Газавік”, нечакана дома саступіла з лікам 2:4 талачынскай “Ніве”.

Наступны матч чэмпіянату вобласці пастаўчане згулялі праз тыдзень на выездзе ў Наваполацку супраць лідара групы “А” “Полацкгаза”. На годнае супрацьстаянне ў нашых землякоў хапіла сіл толькі ў першай палове сустрэчы. З-за горшых фізічных кандыцый госці прайгралі матч з лікам 0:15. Разлічваць на іншае, як заявіў галоўны трэнер Васілій Грантоўскі, не выпадала. У гэтым сезоне стаяла задача захаваць нашу каманду і паказаць маладым футбалістам, што іх чакае, калі яны пажадаюць далей гуляць на прафесійным узроўні.

Нягледзячы на дрэнныя вынікі ў чэмпіянаце вобласці, пастаўскія футбалісты запатрабаваныя ў Беларусі. Нападаючы Герман Чалей у далейшым будзе гуляць у адной з юнацкіх каманд флагмана беларускага футбола — БАТЭ (Барысаў). Яго калегу Дзмітрыя Рогача прынялі ў склад футбольнай акадэміі салігорскага “Шахцёра”. Яшчэ адзін малады пастаўчанін, Аляксей Хмельнік, прэтэндуе на тое, каб трапіць у дубліруючы склад клуба вышэйшай лігі “Іслач” (Мінскі раён). Многія пастаўчане зараз гуляюць у розных гарадах краіны.

Заключную гульню сезона “Паставы-ПМЦ” правядзе ў суботу, 28 ліпеня, у 12 гадзін на гарадскім стадыёне супраць каманды Глыбокага.

Уладзімір ШЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.