Мэтанакіравана працаваць на вынік

Сельское хозяйство

Летне-пашавы перыяд утрымання жывёлы ў самым разгары. Ён лічыцца спрыяльным для атрымання больш таннай па сабекошце прадукцыі і аздараўлення статка. Пра справы жывёлаводаў раёна карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч гутарыць з намеснікам начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Эдуардам ЯНУКОВІЧАМ.

— Эдуард Вальдэмаравіч, у чым перавагі пашавага ўтрымання жывёлы?

— Малако, атрыманае ў гэты перыяд, і прыгатаваныя з яго прадукты характарызуюцца высокім утрыманнем вітамінаў і мінеральных рэчываў. У зялёнай сакавітай траве намнога больш пажыўных рэчываў, чым у сене, сенажы. Маладая трава спрыяльна ўздзейнічае на стан здароўя жывёлы, робіць яе арганізм больш устойлівым да захворванняў. Пры кругласутачным выпасе значна зніжаюцца энергетычныя затраты на ўборку памяшканняў, падвоз кармоў, утрыманне абсталявання.

— Наколькі паспяхова жывёлаводы гаспадарак працуюць па вытворчасці малака ў гэты час?

— Пашавы перыяд звычайна называюць перыядам вялікага малака. Больш за палову гадавога надою на многіх фермах і комплексах звычайна атрымліваюць летам. І сапраўды, пасля не зусім багатай зімоўкі і спаду надояў у сакавіку-красавіку з выганам жывёлы на пашу атрымаўся скачок. За месяц надаілі 4263 тоны малака, прыбаўка ў маі склала па раёне 1815 тон, або 104,4 працэнта. Гэта тры цыстэрны, або 36 малакавозаў. Забяспечылі яе жывёлаводы ААТ «Навасёлкі-Лучай» (+74,7 тоны, або 108,9%), КУСП «Дунілавічы-агра» (+49,9 тоны, або 135,9%), ААТ «Хацілы-агра» (+39,3 тоны, 104,6%), СП «Ляхаўшчына-агра» (+53,2 тоны, 124%), ААТ «Янавіца-агра» (+37,9 тоны, 117,4%).

— Але амаль месяц не было дажджу…

— Так. У чэрвені планавалі надаіць малака не менш, чым у маі. Уся паша пасля першага страўлівання была падкошана, на многіх участках праве­дзены папераджальны падкос з надзеяй атрымаць максімум прадукцыі. Аднак засуха адмоўна паўплывала на прадукцыйнасць. Страўліванне травы па-ранейшаму праводзіцца загонна-парцыённым метадам згодна з распрацаванай схемай. Цяпер вымушаныя пасвіць кароў не па атаве, а па перарослай траве. У той жа час вядзецца нарыхтоўка кармоў для зімоўкі. Нягледзячы на тое, што жывёла забяспечваецца вадой, мінеральнымі дабаўкамі, выдаюцца канцэнтраты, надоі ўсё ж знізіліся. 

— Па-ранейшаму яны высокія толькі на рабатызаваных фермах?

— Сярэдні надой ад кожнай каровы на ферме «Коўзаны» ААТ «Навасёлкі-Лучай» у гэтыя дні складае 27,75 кілаграма малака (плюс да адпаведнага перыяду мінулага года — 5,60), на комплексе ААТ «Хацілы-агра» — 25,58 (+0,92). Нядрэнныя надоі ў гэтых гаспадарках і на іншых фермах. Для прыкладу, волахаўскія даяркі надойваюць за дзень у сярэднім па 17,41 кілаграма,  целякоўскія — 17,88, курдаўскія — 15,54, навасёлкаўскія — 15,04. Ад 12 да 15 кілаграмаў вагаюцца сярэдня­дзённыя надоі ад каровы на фермах «Лучай», «Стары Двор» (ААТ «Навасёлкі-Лучай»), «Палессе» (ААТ «Янавіца-агра»), «Ляхаўшчына», «Валкі», «Станелевічы» (СП «Ляхаўшчына-агра»), комплексе «Дзеткава» (ААТ «Кураполле-агра»). А на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра» не толькі змаглі ўтрымаць прадукцыйнасць дойнага статка, але і павысіць надоі (сярэднядзённы — 11,62 кілаграма, што на 2,33 кг вышэй, чым у такі перыяд летась).

У чым прычына розніцы ў надоях?

— Шмат залежыць ад пашы. Дзе закладзены многакампанентныя травяныя сумесі або канюшына, там і вынік лепшы. Немалаважна сумесная зладжаная работа ўсяго калектыву гаспадаркі, пачынаючы з кіраўніка, заатэхніка, агранома і заканчваючы пастухом, даяркай, механізатарам. Найлепшая даярка не даб’ецца высокіх надояў, калі не будзе кармоў. А яшчэ трэба, каб пастух своечасова перагнаў статак у новы загон, механізатар прывёз ваду і г. д. На жаль, бывае і наадварот: усё зроблена для атрымання максімальных надояў, а даярка няякасна падрыхтавала карову да даення, не выдаіла ўсё малако, дрэнна яго працадзіла. Як ні прыкра пра гэта гаварыць, але такое здараецца. Ёсць калектывы, дзе ад каровы надойваюць менш за 5 кілаграмаў малака. Сярод такіх фермы «Балаі» ААТ «Андроны» (2,69 кг), «Кейзікі» райаграсэрвісу (3,35), «Цэнтр» ААТ «Блакітныя азёры-агра» (4,2 кг).

Нядаўнія дажджы ажывілі расліннасць, ёсць надзея, што і справы ў жывёлагадоўлі палепшацца. І, вядома, калі мэтанакіравана працаваць на вынік, то яго магчыма дасягнуць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.