На сустрэчных курсах

Спорт

Пастаўчанін Мікіта Якаўлеў выйграў чарговае адзі­наборства.

“Паставы-ПМЦ” — ФК “Глыбокае” — 2:4

Гэта сустрэча не мела для пастаўчан ніякага турнірнага значэння. Але яны сабралі свой наймацнейшы склад, у якім адсутнічаў толькі вопытны распасоўшчык Руслан Зелянкевіч, і на развітанне прадэманстравалі лепшы матч сезона. У гасцей, наадварот, былі кадравыя праблемы, яны прыехалі ў Паставы без рэзервовых футбалістаў, а павінны былі гуляць на перамогу. У выніку 50 балельшчыкаў, якія ў спёку прыйшлі на гарадскі стадыён, сталі сведкамі цікавай, феерычнай,  атакуючай гульні.

У пачатку матча гаспадары валодалі гульнявой перавагай, тройчы маглі выйсці наперад, але не выкарысталі зручных момантаў для ўзяцця варот. У другой палове першага тайма шэраг вострых контратак правялі глыбачане, і толькі недастатковае майстэрства не дазволіла ім захапіць лідарства. Пасля перапынку барацьба на полі ўспыхнула з новай сілай. На 50-й хвіліне пастаўчане адкрылі лік — 1:0. Але госці адыграліся, а затым, натхнёныя поспехам, пайшлі наперад і зрабілі лік 1:2.

Паядынак яшчэ больш абвастрыўся ў сярэдзіне другога тайма: малады паў­абаронца гаспадароў Марк Хмяль­ніцкі зраўняў лік навясным ударам у далёкі вугал. На куражы пастаўчане смялей пайшлі наперад і двойчы маглі вызначыцца, але мяч пасля іх удараў праляцеў побач са штангай. Пералом у гульні адбыўся ў канцоўцы, калі віцебскі суддзя Віктар Пятрашка не назначыў відавочны пенальці ў вароты глыбачан. Адразу пайшла контратака гасцей, і яны адзін за адным забілі два галы.

Нягледзячы на чарговае паражэнне, гэту сустрэчу смела могуць аднесці сабе ў актыў Мацкевіч, Казлоў, Зарэцкі, Пучынскі, Карага (к), Валодзька, Хмяльніцкі (Шнітко), Гіль (У. Дубін), М. Якаўлеў (Кабяк), Голубеў, Хмельнік. Перспектывы на далейшы рост у самай маладой у вобласці каманды ёсць, і трэба захаваць гэты склад, паспрабаваць вярнуць у Паставы шэраг моцных землякоў, якія гуляюць на нацыянальным узроўні ў розных гарадах краіны.

У гэтым туры ў нашай групе каманда Міёр дома атрымала важную перамогу над чашніцкім «Алімпам» (2:1).  Ва ўсходняй групе «Б» унічыю з лікам 1:1 згулялі паміж сабой віцебскія «Славянскі Велес» і «Газавік», а таксама талачынская «Ніва» і ФК «Сянно», а каманда Шуміліна дома дабілася першай у сезоне перамогі над дубровенскім «Дняпром» (5:3). Уладальнікам Кубка Віцебскай вобласці па футболе стаў гарадоцкі «Дзецкасельскі», які перамог у фінале ў Бешанковічах «Полацк­газ» з лікам 6:3. Пастаўчанам у чэмпіянаце вобласці застаўся заключны матч на выездзе ў Лепелі. На гэтым чарговы, няпросты для іх сезон закончыцца, з барацьбы за медалі яны выбылі яшчэ два туры назад.

Уладзімір ШЫК
Фота Антона ЧАЛЯЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.