На залаты ўзышоўшы п’едэстал

Общество

У мінулую суботу ў пастаўскім ЗАГСе адбылася рэгістрацыя залатога шлюбу Паўла Якаўлевіча і Марыі Юр’еўны Міхайлавых.

Прычым па змове іх сыноў і нявестак падрыхтоўка да гэтай падзеі вялася ўпотай ад юбіляраў і стала для іх сюрпрызам.

— Мы, канечне, збіраліся адзначыць залатое вяселле, — расказвала Марыя Юр’еўна. — Вырашылі зрабіць гэта на прыродзе, у Азёрках. Перад тым як адправіцца туды, сын прапанаваў заехаць на плошчу, каб зрабіць там некалькі здымкаў. Нічога не падазраваючы, згадзі­ліся. І толькі калі ўбачылі ў скверы ўсіх гасцей, каго запрашалі, і нас папрасілі прайсці разам з імі ў ЗАГС, усё зразумелі. Ад такой нечаканасці галава пайшла кругам.

І вось яны, узрушаныя і расчуленыя, становяцца на ручнік пасярэдзіне шыкоўнай залы рэгістрацыі шлюбу. Гучыць кранальная мелодыя, і загадчык ЗАГСа Аніта Несцяровіч распачынае ўрачыстасць. «Дарагія Павел Якаўлевіч і Марыя Юр’еўна! — звяртаецца яна да юбіляраў. — Лёс падарыў вам шчасце сустрэць сваю залатую восень разам. Вы збераглі самую дарагую каштоўнасць — сям’ю, летапіс якой пачаўся ў 60-я гады. Паўстагоддзя крочыце поруч, з’яўляецеся апорай адно для другога. А вяршыняй вашага кахання і найвышэйшай узнагародай у жыцці з’яўляюцца сыны Віктар і Васілій, унучкі Наталля і Карына».

Іх каханне зарадзілася ў Закарпацці. Павел Міхайлаў — хлопец з хутара Антанова, што на Пастаўшчыне — праходзіў там тэрміновую службу. З’яўляўся вадзіцелем машыны камандзіра пагранічнай заставы. Мясцовая дзяўчына Марыя працавала на мэблевай фабрыцы, куды дабіралася з вёскі на аўтобусе. Аднойчы падвёз камандзірскі УАЗік. Так і пазнаёмі­лася з Паўлам. Спадабаліся адно аднаму, але якія спатканні могуць быць у салдата? Бачылі­ся рэдка, што, аднак, не перашкодзіла ўспыхнуць каханню. Таму, калі Паўлу прадаставілі водпуск, ён паклікаў дзяўчыну паехаць з ім у Беларусь, каб зарэгістраваць там шлюб, бо яму падчас службы гэта не дазвалялася. Як ні адгаворвалі ад гэтага яе родныя, настаяла на сваім. Маці не заставалася нічога іншага, як паехаць разам — ну як адправіць 20-гадовую дачушку ў далёкі, невядомы шлях з мала­знаёмым хлопцам?

 — Нас распісалі ў Курапольскім сельсавеце, куды мы прыехалі на матацыкле, — успамінае Марыя Юр’еўна. — Вечарам дома сабралася самая блізкая яго радня, і сціпла адзначылі падзею. А сапраўднае вялікае ўкраінскае вяселле ў нас было ажно праз год, калі Павел дэмабілізаваўся.

Прывёз маладзенькую жонку ў сваё Антанова. Многае для Марыі было новым і нязвыклым. Вельмі сумавала па родных, здараліся і слёзы. Але былі маладосць, каханне, цярпенне — рупна вілі сямейнае гняздо. Спачатку жылі з Паўлавымі бацькамі, потым атрымалі дом ад калгаса. Ён працаваў на малакавозе, яна — у бухгалтэрыі, затым — звеннявой па вырошчванні льну, потым перайшла паштальёнам. Трымалі вялікую асабістую гаспадарку, дзякуючы чаму змаглі назбіраць грошай спачатку на «масквіч», а з гадамі, калі абодва сыны ўжо былі школьнікамі, і дом у Паставах купілі. Павел Якаўлевіч 32 гады адпрацаваў вадзіцелем на аўтапрадпрыемстве №17, спачатку на грузавым аўтамабілі, затым — на рэйсавым аўтобусе. Марыя Юр’еўна — на хлебакамбінаце, у цэнтральнай раённай бальніцы, на заводзе «Беліт», прадстаўнік якога завітаў на ўрачыстасць, каб уручыць падарунак залатым юбілярам.

— Зараз нам жыць вельмі добра, — дзяліліся Міхайлавы. — Атрымліваем пенсію, паціху ўпраўляемся з хатнімі справамі і агародам (у іх доме ўзорны парадак, у агародзе расце багаты ўраджай, у двары радуе вока шматколернасцю вялікі кветнік — аўт.). Добрыя сыны і клапатлі­выя нявесткі Святлана і Аксана, якія сталі для нас роднымі. У любую хвіліну прыбягуць, дапамогуць, пагавораць, за што мы вельмі ўдзячныя ім. Ужо выйшлі замуж і абедзве ўнучкі, будзем чакаць праўнукаў.

Дарэчы, унучкі Наташа і Карына паднеслі юбілярам самы памятны падарунак — вялізную карціну, на якой бабуля і дзядуля ў цяперашнім узросце прыгожыя і ўлюбёныя. Што да ўрачыстасці ў цэлым, то яна атрымалася цёплай і шчымлівай. Расчуліліся не толькі яе ві­ноўнікі, але і ўсе госці, нават мужчыны змахвалі з вачэй слёзы. Ну а самі залатыя юбіляры да гэтага часу здзіўляюцца, што ім была прысвечана такая працяглая і прыгожая цырымонія, з залатым шлюбам павіншаваў паштоўкай нават старшыня райвыканкама. «Няўжо мы заслужылі такую павагу?» — першае, што сказаў Павел Якаўлевіч жонцы, выйшаўшы з ЗАГСа.

Заслужылі! І ў дзяцей, і ў грамадства, бо паказваеце прыклад, як трэба даражыць пачуццямі і мацаваць сям’ю.

… А фотасесія, на якую завабілі юбіляраў, усё ж адбылася. Падчас урачыстай цырымоніі і пасля яе.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея ВШЫЎКАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.