Наша прафесія – ратаваць

Главное Правовое поле

Сёлета пажарнай службе спаўняецца 165 гадоў. З гэтай нагоды гутарка з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнікам унутранай службы Аляксеем КІСЯЛЁМ.

— Аляксей Іванавіч, паколькі дата юбілейная, напачатку ўзгадайце коратка гісторыю.
— Як сведчаць архіўныя дакументы, стварэнне пажарнай службы пачалося ў XIV стагоддзі. Менавіта тады ў гарадскіх магістратах сталі ўводзіцца пасады «вогненных старшынь», у абавязкі якіх уваходзіла кіраўніцтва тушэннем пажараў, а таксама кантроль за захаваннем пажарнай бяспекі ў населеным пункце. Прафесійная пажарная служба сфарміравалася толькі ў XIX стагоддзі. У Паставах была добра развіта Польская добраахвотная пажарная ахова. У той час пабудаваны першыя вучэбныя вежы, на якіх пажарныя трэніраваліся ратаваць людзей, з’явіліся пажарныя конныя павозкі. У гады Вялікай Айчыннай вайны пажарныя пайшлі на фронт. Зафункцыянавала каманда толькі ў 1944 годзе. У мірны час пажарная служба Пастаў і раёна мела сваю структуру: гарадская пажарная каманда, ваенізаваная пажарная часць. У 1993 годзе, згодна з Законам «Аб пажарнай бяспецы», была створана ваенізаваная пажарная служба.

— Ваш аддзел сёння…
— …гэта пажарная аварыйна-выратавальная часць у Паставах і пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Лынтупах, Варапаеве і Парыжы. У штаце 81 чалавек, 15 адзінак спецыяльнай тэхнікі і абсталявання. Калі параўноў­ваць з тым, што мелі нават дзесяць гадоў таму, то зараз абсталяванне больш сучаснае. Напрыклад, раней пажарная машына была разлічана на 2,5 тоны вады, цяпер — на 10. Такіх маем дзве, адзін МАЗ на 5 тон.

— Пажарны ва ўяўленні большасці людзей — гэта той, хто тушыць пажары. Але вас выклікаюць і для ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацый.
— Небяспечных сітуацый у жыцці ўзнікае шмат. І калі чалавек у іх трапляе, то на дапамогу спяшаюцца нашы работнікі. Яны выязджаюць на дарожна-транспартныя здарэнні, вызваляюць з разбітых машын лю­дзей, заціснутых паміж металам, дапамагаюць у пошуку тых, хто згубіўся ў лесе, знішчаюць гнёзды шэршняў і вос, разбіраюць завалы, адкачваюць ваду з затопленых месцаў. Пералік можна прадаўжаць.

— А якімі якасцямі павінен быць надзелены сучасны пажарны-ратаўнік?
— Самаадданасцю, мужнасцю, адвагай, ураўнаважанасцю. Калі каманда складаецца з лю­дзей, адзіных па духу, гатовых у любую хвіліну кінуцца на выратаванне таго, хто трапіў у надзвычайную сітуацыю, тады і ўдаецца паспяхова выконваць пастаўленыя задачы. Прафесія для пажарнага-ратаўніка — гэта сэнс жыцця, ад якога не адступаеш нават у выхадны дзень. Напрыклад, Павел Навумчык, убачыўшы чалавека, які збіраўся саскочыць з даху дома, здолеў яго супакоіць і папярэдзіць выпадак суіцыду. Цяжка пералічыць выпадкі выратавання лю­дзей Андрэем Турком. За мужнасць і адвагу ён неаднаразова заахвочваўся Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

— Кім яшчэ ганарыцца калектыў?
— Ветэранамі, якія стаялі ля вытокаў станаўлення пажарнай службы. Годна прадаўжае іх традыцыі і маладое пакаленне. Напярэдадні свята Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні групы ратаўнікоў краіны медалём «За бездакорную службу». Сярод тых, хто яго атрымае, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Таццяна Дарашкевіч і вадзіцель аварыйна-выратавальнага паста ў Лынтупах Аляксандр Андрэеў. Нагруднага знака «Выдатнік» удастоены хімік-дазіметрыст Ігар Будзіч, Ганаровай граматы абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях — інжынер Андрэй Гутар, раённага выканаўчага камітэта — намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце маёр унутранай службы Ігар Рацько і дыспетчар старшы прапаршчык унутранай службы Аляксандр Мышко. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена вадзіцелю ПАВЧ №1 Дзмітрыю Валку. А слоў пахвалы заслугоўвае кожны. 

Гутарыла Анна Анішкевіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.