Не пакінулі ў бядзе

Общество

Аляксандр Чатовіч перадае дзіцячае харчаванне педыятрам ЦРБ

Спатрэбіліся ажно два легкавыя аўтамабілі (іх забілі зверху данізу каробкамі і пакетамі), каб даставіць у педыятрычнае аддзяленне стацыянара ЦРБ і ў Сацыяльна-педагагічны цэнтр раёна рэчы, якія неабыякавыя пастаўчане сабралі для пацярпелых ад пажару дзетак з Палесся, а таксама ўсіх выхаванцаў прытулку.

Ініцыятарам акцыі выступілі супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, якія на афіцэрскім сходзе пастанавілі аказаць дапамогу дзецям, у чый дом нядаўна прыйшла такая страшная трагедыя, а заадно і ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія зараз знаходзяцца ў прытулку. Сабралі грошы, набылі для дзетак падарункі. А ў сваёй групе ў сацыяльных сетках прапанавалі далучыцца да акцыі ўсім жыхарам райцэнтра.

— На нашу прапанову адгукнуліся больш за 50 чалавек і некаторыя арганізацыі раёна, — расказваў начальнік райаддзела Следчага камітэта Аляксандр Чатовіч. — Дзякуй усім чулым пастаўчанам, чые сэрцы адкрытыя для чужой бяды. Дарэчы, мы планавалі падзякаваць ім праз раённую газету, але многія адмовіліся называць свае прозвішчы, бо дапамагалі па загадзе сэрца, а не дзеля галоснасці. Нам спатрэбіўся цэлы дзень, каб рассарціраваць усе сабраныя і набытыя рэчы. А гэта разнастайныя сродкі гігіены, дзіцячае харчаванне, цацкі, адзенне, абутак і, вядома, прысмакі. Усё гэта афіцэры райаддзела Следчага камітэта разам з прадстаўнікамі райкама БРСМ і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ўручылі дзеткам з пажаданнямі расці здаровымі і ведаць, што ў свеце многа добрых людзей, якія гатовыя прыйсці на дапамогу абяздоленым.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.