Не толькі ўшчувалі

Общество

Чарговае сумеснае выязное пасяджэнне назіральнай камісіі і грамадскага пункта аховы правапарадку адбылося напрыканцы чэрвеня ў Дунілавіцкім сельвыканкаме.

«Героямі» дня сталі 12 грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, парушаюць працоўную дысцыпліну або ўвогуле не працуюць, не выконваюць належным чынам бацькоўскіх абавязкаў. Суб’ектаў прафілактыкі прадстаўлялі супрацоўнікі райвыканкама, РАУС, пракуратуры, камісіі па справах непаўналетніх, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, медыцыны, адукацыі, сельгаспрадпрыемства.

Першай на размову ў залу пася­джэнняў сельвыканкама запрашаюць маладую сям’ю С. На руках у маці паўтарагадовая дзяўчынка. Яна бязбоязна разглядвае незнаёмых людзей, слухае размову. І добра, што яшчэ нічога не разумее з яе, інакш даведалася б шмат непрыемнага пра маму і тату. Яны маюць усё неабходнае для паўнацэннага жыцця. Сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» прадаставіла жыллё і работу. Але сталі злоўжываць алкаголем, што стала сур’ёзнай перашкодай для шчаслівага жыцця, у сям’і ўспыхвалі скандалы. За парушэнне працоўнай дысцыпліны С. вызвалены ад работы. Дзіця прызнана маючым патрэбу ў сацыяльнай абароне. Дайшло да таго, што органы апекі забіралі ад бацькоў дзяўчынку і яна паўгода знаходзілася ў прытулку, але потым была ім вернутая. Ды зноў абстаноўка ў сям’і выклікае трывогу. 14 чэрвеня мужа і жонку С. заслухоўвалі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, зараз чарговая непрыемная размова. «Задумайцеся нарэшце над тым, як жывяце, і зрабіце высновы, — заклікаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, пад старшынствам якога праходзіла пасяджэнне. — Не мы павінны прымушаць вас працаваць ды клапаціцца пра роднае дзіця, а вы самі — разумець, што ў адказе за яго. У адваротным выпадку страціце бацькоўскія правы».

Яшчэ ў адной сям’і чацвёра дзяцей, але трымаецца яна толькі намаганнямі маці. Бацька злоўжывае алкаголем, па гэтай прычыне суд абмежаваў яго ў дзеяздольнасці. Атрымаў папярэджанне з міліцыі, што, калі не зменіць паводзін, будзе адпраўлены ў лячэбна-працоўны прафілакторый, аднак саўладаць з сабой так і не змог — алкагольная багна зацягвала ўсё глыбей. На пасяджэнні грамадзяніну настойліва рэкамендавалі аформіцца ў наркалагічнае аддзяленне Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, а прайшоўшы лячэнне, закадзіравацца. Прыслухаўся, зараз знаходзіцца там.

Сям’я Л. у складзе мужа, жонкі і дарослага сына пераехала ў Дунілавічы з Мінскай вобласці. Сельгаспрадпрыемства ўсіх траіх прыняло на работу на ферму, выдзеліла дом, прадало карову. Але Л. праявілі сябе з найгоршага боку — злоўжывалі спіртнымі напіткамі, скандалілі дома, парушалі працоўную дысцыпліну, а ўрэшце бацька і сын увогуле пакінулі работу. Пазбавіліся і ад каровы — навошта «лішнія» клопаты? Пры разбіральніцтве на пасяджэнні мужчыны зацята маўчалі, а жанчына толькі і вымавіла: «Мы больш не будзем». У гэта мала хто паверыў, бо сямейка далася ў знакі кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства, сельскага Савета, ды і ўсім, хто пабач з ёй жыве і працуе. Патрабаванне было выказана жорсткае, але справядлівае — шукаць іншае месца жыхарства, а ў дом, які належыць сельгаспрадпрыемству, заселяцца іншыя людзі, бо рабочыя кадры гаспадарцы вельмі патрэбныя. Але затым дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Сарапененка ўсё ж такі даў ім яшчэ адзін шанс — бацька і сын зноў прынятыя на работу на ферму. Ёсць прэтэнзіі і да сям’і, якая перасялілася ў Дунілавічы з Віцебска, ужо маючы статус сацыяльна небяспечнай. Калі не здолеюць жыць годна, ніхто затрымліваць не стане. Давядзецца вяртацца на ранейшае месца жыхарства або шукаць яшчэ якое.

Але хопіць пераліку — карціны ў такіх сем’ях падобныя як дзве кроплі вады. «Так жыць нельга!» — ушчувалі грамадзян афіцыйныя асобы і не абмяжоўваліся толькі папярэджаннямі. Адных старшыня сельгаспрадпрыемства паабяцаў зноў прыняць на работу (у апошні раз!), другіх адправілі на лячэнне ў наркалагічнае аддзяленне ЦРБ або мясцовую ўчастковую бальніцу, трэцім паабяцалі дапамогу ў вырашэнні некаторых гаспадарчых спраў. Усё астатняе залежыць ад саміх грамадзян — у іх ёсць усе шансы вярнуцца да паўнацэннага жыцця.

Фаіна КАСАТКІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.