Новы крыж у Лявонавічах

Духовность

21 ліпеня ў вёсцы Лявонавічы Камайскага сельсавета адбылася радасная падзея. Тут быў асвечаны нядаўна ўсталяваны крыж для публічнага пакланення.

У цэнтры вёскі на гэта знакавае мерапрыемства сабраліся вяскоўцы, як гаворыцца, ад малога да старога — такое бывае нячаста. Сярод запрошаных гасцей — старшыня Камайскага сельскага Cавета Генадзь Урбанайць і прадстаўнік сацыяльнай службы раёна Таццяна Андрон.

Новае месца для малітваў з’явілася па ініцыятыве жыхароў вёскі пры дапамозе пробашча камайскага касцёла ксяндза Яцэка Хутмана. Крыж зварыў стараста Лявонавічаў Павел Пратасевіч, а мясцовыя жыхары акультурылі тэрыторыю вакол яго. Святыню паставілі на бачным месцы каля дарогі, насупраць драўлянага крыжа. Стары крыж таксама не пакінулі без увагі: яго параўнялі і зацэментавалі ў аснаванні.

Перад святой Імшой ксёндз паспавядаў усіх жадаючых. Звярнуўшыся да вяскоўцаў з віншавальнай прамовай, ён пажадаў усім па загадзе душы прыходзіць на гэта знакавае месца, каб узносіць свае малітвы да Госпада, Найсвяцейшай Багаро­дзіцы, жыць праведным жыццём і выконваць запаведзі Божыя.

— Час набажэнства выбраны невыпадкова. У 15 гадзін у Вялікую Пятніцу Ісус Хрыстос памёр на крыжы, — расказваў святар. — Гледзячы на сімвал хрысціянства, мы павінны памятаць, што Гасподзь паказаў нам сваю бязмежную любоў да Касцёла і аб’яднаў усе народы свету. У кожнага з нас ёсць свой «крыж», але з верай у сэрцы несці яго лягчэй.

Ксёндз выказаў пажаданне, каб усталявалася традыцыя кожны год збірацца тут на малітву, бо храма ў вёсцы няма. Генадзь Урбанайць падзякаваў Яцэку Хутману за дапамогу, якую ён аказвае ў добраўпарадкаванні тэрыторыі.

У завяршэнне зрабілі фота на памяць каля новага крыжа для летапісу парафіі, які застанецца для нашчадкаў.

Тэкст і фота Наталлі Налей



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.