Па міжнародных праграмах

Общество

Пастаўчанцы Вользе Харэвіч — васямнаццаць. Яна закончыла першы курс Мiнскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, з’яўляецца ўдзельніцай розных міжнародных адукацыйных праграм.

Адным летам дзяўчына разам з бацькамі і сястрой адпачывала ў Фінляндыі. Краіна вельмі ўразіла. Вось бы тут павучыцца! — зарадзілася мара. У Пастаўскай гімназіі, дзе займалася ў той час, штогод па розных прадметах праводзяцца навуковыя канферэнцыі. Вольга выбрала англійскую мову, любоў да якой ёй прывілі настаўніцы Святлана Аляксандраўна Васюковіч i Эдзiтэ Ула­дзiславаўна Бушуева, а тэму — «Адрозненне фінскай сістэмы адукацыі ад беларускай». Збірала матэрыялы, сістэматызавала іх, афармляла ў навуковую работу. Потым у інтэрнэце стала цікавіцца міжнароднымі адукацыйнымі праграмамі, з дапамогай настаўніцы Наталлі Фёдараўны Пракаповіч, якой вельмі ўдзячная, натрапіла на тую, якую ажыццяўляла Амбасада ЗША (usembassy.gov — сайт Амбасады, дзе зараз таксама ёсць некалькі праграм). Адправіла сваю анкету, а таксама тры вялікія эсэ (ад 250 да 1000 слоў) і пяць маленькіх (да 250 слоў) на зададзеныя тэмы, усё на англійскай мове. Напрыклад, «Сацыяльнае прадпрымальніцтва», «Пісьмо будучай гаспадарчай сям’і». Пасля гэтага арганізатары праекта запрасілі на інтэрв’ю, якое праводзілася па скайпе таксама на англійскай мове. Пытанні тычыліся непасрэдна эсэ — каардынатарам трэба было пераканацца ў аўтарстве. Дзяўчына зарэкамендавала сябе з найлепшага боку і была ўключана ў праграму. Ліпень 2016-га яна правяла ў Злучаных Штатах Амерыкі. Усё фінансаванне — за кошт запрашаючага боку.

«З Беларусі нас было 30 чалавек, — расказвала. — Першыя 11 дзён мы правялі ў Вірджыніі. Потым нас раздзялілі на тры групы і размеркавалі па розных штатах. Я трапіла ў Аклахому, а апошнія пяць дзён знаходжання ўсе разам правялі ў Вашынгтоне. Спачатку мы жылі ў студэнцкім інтэрнаце, затым — у сем’ях, а ў Вашынгтоне — у атэлі для падлеткаў, якія ўдзельнічаюць у міжнародных праграмах. Праграма знаходжання была насычанай. Знаёміліся з выдатнымі мясцінамі, сацыяльнымі праектамі, ладам жыцця ў амерыканскіх сем’ях, займаліся валанцёрствам, хадзілі ў горы, адпачывалі на вечарынах, якія ладзіліся, напрыклад, на адкрытым паветры ў аквапарку. Набыла замежных сяброў, з якімі падтрымліваем інтэрнэт-кантакты».

Дзякуючы ўдзелу ў праграме «Акадэмія студэнцкага лідарства», якую фінансавала грамадская арганізацыя ЗБС (Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў)», Вольга ты­дзень правяла ў Варшаве, дзе таксама ўсё фінансавалася прымаючым бокам. Знаёміліся з работай польскага парламента, сродкаў масавай інфармацыі, наведвалі турыстычныя аб’екты. У наступным месяцы па праграме «Еўрапейскі летні лагер» дзяўчына на тры тыдні паедзе ў Грузію, дзе збярэцца моладзь з краін Еўрасаюза, Беларусі, Расіі, Малдовы, Арменіі. «Трапіць у міжнародную праграму не так і складана, — робіць выснову з уласнага вопыту Вольга. — Трэба толькі мець жаданне і настойлівасць і, вядома ж, ведаць англійскую мову. Мне самой яе яшчэ вучыць і вучыць. Імкнуся авалодаць дасканала, каб у будучым паступіць на вучобу ў адну з краін Скандынавіі. Мяне прываблівае псіхалогія.

Вучням старэйшых класаў раю паступаць у UWC (United World College), а калі 16-17 гадоў — у Eastern Partnership European School. На ўсе гэтыя праграмы вы не патраці­це ні капейкі, яны фінансуюцца спонсарамі. Таксама раю шукаць праграмы на сайце aдукацыя.info, у «Не благодари» (канал у Telegram) і ўдзельнічаць у European Youth Parliament. Не атрымаецца з першага ці другога разу (не пройдзеце інтэрв’ю або не атрымаеце рэкамендацыі) — не адступайце, а спрабуйце свае сілы зноў і зноў. Мэта вартая таго. Такія праграмы даюць унікальную магчымасць павандраваць бясплатна, пазнаёміцца з культурай, каштоўнасцямі і сістэмай адукацыі, пагрузіўшыся ў натуральнае асяроддзе замежнай дзяржавы. Калі вы маеце якія-небудзь пытанні, можаце смела звяртацца да мяне ў сацыяльных сетках (https||vk.com|olyakharevich) альбо ў telegram (@kohit)».

Фаіна Касаткіна
Фота прадастаўлена Вольгай Харэвіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.