Пад Божай апекай зямнымі клопатамі

Общество

жыве ў вёсцы Шыркі Юнькаўскага сельсавета мнагадзетная сям’я Алены і Віктара Цалко

Ультыматум

Іх знаёмства было чыста дзелавым. Яна працавала падатковым інспектарам, ён з’яўляўся прадпрымальнікам. Аднойчы напрасілася ў спадарожніцы — тэрмінова трэба было трапіць па адным адрасе, а Віктар ехаў якраз у тым напрамку. Высадзіў за метраў дзвесце ад патрэбнага месца: «Тут блізка — дойдзеце». Гэта пакрыўдзіла — ніякай павагі да падатковага інспектара, да таго ж маладой прыгожай жанчыны. У Віктара ў той раз узніклі зусім іншыя асацыяцыі — чамусьці падумаў, што яна стане яму жонкай.

Прайшлі месяцы. Віктар і Лена выпадкова ўбачыліся ў кафэ «Палёт» (было такое ў мікрараёне шостага гарадка), дзе адпачывалі кожны сваёй кампаніяй. Запрасіў на танец, правёў дадому. Затым сталі сустракацца. «Ты магла б стаць маёй жонкай?» — спытаў аднойчы. «Якой жонкай?! — успыхнула тая. — Я старэйшая за цябе, і ў мяне пяцігадовая дачка…» Але Віктар не адступіўся. Урэшце яны сталі жыць разам, але шлюб не рэгістравалі. «Віктара, напэўна, задавальняла такое становішча, а мяне — не, — прызнаецца жанчына. — Праз пяць гадоў паставіла ультыматум: «Так жыць нельга. Гэта няправільна. Альбо мы рэгіструем шлюб і вянчаемся, альбо разыходзімся ў розныя бакі». І Віктар нарэшце прыняў рашэнне. Зарэгістравалі ў ЗАГСе шлюб і павянчаліся ў касцёле. Было гэта ў 2000-м годзе».

Дзеці

У 2001-м нарадзіўся першынец Стасік. «Вельмі неспакойным быў наш кесаронак (на свет з’явіўся з дапамогай кесаравага сячэння — аўт.), — расказвалі бацькі — Толькі на руках заціхаў. Уяўляеце, мы ў кватэры калыску да сталявання падвесілі, каб хоць у ёй залюляць малога, а то ніякага сну не было». Праз тры гады на свет з’явіўся Мацвейка. Прычым Лена настаяла на натуральных родах, хаця медыкі былі катэгарычна супраць. У адрозненне ад старэйшага брата ён спаў днём і ноччу, меў выдатны апетыт. Павялічваць сям’ю далей бацькі не збіраліся, але праз чатыры гады жанчына зноў зацяжарыла. Нара­дзіўся трэці сынок. Антоша — любімец усёй сям’і і хітра карыстаецца гэтым.

Бацькі прывучаюць сыноў да працы, клапоцяцца пра раз­віццё іх здольнасцей. Стас закончыў школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе балалайкі і школу мастацтваў імя Ромера, Мацвей — школу мастацтваў па класах балалайкі і танцаў. Антон вучыцца там жа ігры на фартэпіяна. Усе ўдзельнічаюць у рабоце па доме і на падвор’і. Прымус не прымае ніводны, на іх можна ўздзейнічаць толькі метадам пераканання, таму бацькі, асабліва Віктар, не стамляюцца тлумачыць дзецям неабходнасць выканання таго або іншага задання. Стас летась і сёлета заняў першае месца ў раённай алімпіядзе па працоўным навучанні, падчас цяперашніх канікулаў у складзе вучнёўскай брыгады займаўся рамонтам школы.

Цалко не толькі працуюць дружна, але і адпачываць умеюць. Любяць падарожнічаць. Ва ўсіх ёсць шматразовыя шэнгенскія візы. Падчас кожных школьных канікулаў на 2-3 дні выяз­джалі ў Беласток — знаёміліся з выдатнымі мясцінамі, музеямі, хадзілі на службу ў касцёлы. Пабывалі ў Латвіі, Балгарыі, Украіне. Мінулым летам 14 дзён адпачывалі ў Харватыі. Паехалі на сваім мікрааўтобусе, наўздагад. Нават не ведалі, дзе змогуць спыніцца на начлег. «Але ўсё атрымалася як найлепш, — гаварылі. — Дапамагалі Пан Бог і людзі. Мы трапілі ў такое цудоўнае месца! Вада, горы, чысцюткае паветра і зусім недалёка касцёл.

Юля — Леніна дачка ад першага шлюбу — замужам. Жыве ў Паставах, мае двухгадовую дачушку Сонечку.

Вера

«На ўсё воля Бога», — раз-пораз гучала фраза з вуснаў Лены і Віктара падчас нашай працяглай размовы. Адчувалася, што гэта не проста словы.

«Да веры я прыйшла, напэўна, таму, што мне не падабалася, як складваліся адносіны з Віктарам, — прызнаецца Лена. — Быў перыяд, калі паміж намі ўзніклі нацягнутасць і недамоўленасць. Спрабавала разабрацца, чаму ўзаемаадносіны складваюцца не так, як хацелася б. На ўсе мае маналогі Віктар адмоўчваўся. І я пайшла ў касцёл. Спавядалася, малілася, прасіла дапамогі ў Бога. «А чаму не прыходзіць муж?» — дапытваўся ксёндз. Я чалавек настойлівы — два гады з дня ў дзень угаворвала яго. І нарэшце на Раство разам з ім прыйшлі ў касцёл. Зараз ходзім сям’ёй. У веры і рэлігійнасці выхоўваем усіх дзяцей».

Цалко прымаюць актыўны ўдзел у жыцці пастаўскай парафіі. Удзельнічаюць у факалярным руху і сужэнскіх сустрэчах, ездзілі на Марыяпаль у Баранавічы і два разы — у Пінскую духоўную семінарыю. Лена актыўная ў суседскіх сустрэчах. Антон і Мацвей прыслугоўваюць у касцёле. У маі бягучага года Лена і Віктар удзельнічалі ў сямейным балі, які ў Глыбокім ладзілі дабрачынны фонд аховы жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы» і душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі. Зараз рыхтуюцца да аналагічнага балю, які мае адбыцца 22 ліпеня ў Навасёлках-1.

Гаспадарка

У ранейшыя гады Лена з Віктарам былі ўласнікамі трох магазінаў у Паставах, зараз — толькі аднаго — «Место». «Пераарыентаваліся на сельскую гаспадарку, — расказваў Віктар. — Мара пра гэта зарадзілася даўно. Праязджаючы праз Польшчу, захапляўся дагледжанымі хутарамі, укормленымі каровамі, што пасвіліся ля іх. Думаў: вось бы мне так — піць чай на кухні і бачыць праз акно сваіх каровак».

Так і сталася. Сёння гаспадар і іншыя сямейнікі з задавальненнем назіраюць праз вокны свайго дома за Машкай, Красуняй і Зоркай. Цалко трымаюць на падвор’і і некалькі дзясяткаў галоў в’етнамскіх свіней, авечак, курэй. Жыўнасцю пачалі абзаводзіцца тры гады назад. Першымі на падвор’і з’явіліся тры авечкі — такі падарунак зрабіў сабе на дзень нараджэння Віктар. Пазней купілі трох цялушак. Аформілі дакументы на фермерскую гаспадарку і атрымалі ў арэнду 18,5 гектара зямлі. Частку плошчы абнеслі электраагароджай, і каровы, авечкі знаходзяцца на свабодным выпасе. Наеўшыся, самастойна заходзяць у хлеў, каб схавацца ад спёкі, пераначаваць. У хляве ўстаноўлены аўтапаілкі, таму жывёла заўсёды можа напіцца чыстай вады.

«Ніколі не думала, што буду займацца вясковай работай, — прызнаецца гаспадыня. — У маладосці для мяне было сапраўдным пакараннем палоць градкі, выязджаць ад арганізацыі ў калгас на суботнікі. Зараз усё па-іншаму».

У «хутаран» Цалко (іх сядзіба размешчана наводшыбе Шырак) светлы, прасторны дом, які яны будавалі і абсталёўвалі на працягу многіх гадоў. Побач з ім расце малады сад з 77 дрэўцаў і мноства ягадных кустоў, акуратныя градкі гародніны, навокал — неабсяжная зялёная прастора. На іх абедзенным стале — натуральная прадукцыя, атрыманая на ўласным падвор’і. Частку вырашчанага прадаюць і маюць з гэтага прыбытак. Сям’я вялікая, адпаведныя і выдаткі на яе ўтрыманне. Але галоўнае ўсё ж не ў ступені дастатку, а ў згодзе і любові, што пануюць тут.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.