Пакупнікі любяць наш магазін

Общество

Кацярына Яроцкая, Таццяна Шашура, Марыя Жук, Наталля Тарноўская, Марына Якаўлева

У гэтым пераканана загадчыца крамы №7 філіяла Маладзечна «Ваенсэрвісу», які размешчаны ў мікрараёне шостага гарадка, Марыя Іосіфаўна Жук.

Да ваенсэрвісаўскай сістэмы (а заўтра — прафесійнае свята менавіта яе работнікаў) у Паставах адносяцца яшчэ два магазіны — на плошчы імя Леніна і ў пятым гарадку. Але толькі гэты з года ў год працуе з прыбыткам. Вось і сёлета за шэсць месяцаў пры плане тавараабароту 707 мільёнаў рублёў атрымана 805,4 (113,9 %), прыбытак склаў 18,1 мільёна, сярэднямесячны тавараабарот — 13,4 тысячы рублёў, рэнтабельнасць продажу — 2,25 працэнта.

За лічбамі — праца ўсяго калектыву (а ў ім 15 чалавек, у тым ліку 9 прадаўцоў), які ўзначальвае вопытны, настойлівы, мэтанакіраваны кіраўнік. Марыя Іосіфаўна Жук у гандлі з 1969 года, магазінам загадвае з 1979-га. «Мы за ёй як за каменнай сцяной», — гавораць падначаленыя. Пацвярджаюць гэта і факты: няма цякучасці кадраў, не ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, не бывае недастач. Загадчыца падкрэслівае, што калектыў дружны, працавіты. Усе стараюцца. Пры неабходнасці і ў свой выхадны выйдуць, і пасля змены затрымаюцца, і падменяць адна адну. У магазіне высокая культура абслу­гоўвання, ён заўсёды насычаны таварамі, увесь час праводзяцца акцыі, і гэта прываблівае пакупнікоў.

Калектыў пастаянна адчувае падтрымку з боку дырэктара філіяла Мала­дзечна «Ваенсэрвісу» Марыі Іосіфаўны Даніловіч. І не толькі ў стварэнні належных умоў працы, забеспячэнні таварамі і фінансавых разліках. Дзякуючы клопату адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі, работнікі і ветэраны пабывалі ў экскурсійных паездках у Брэсце, Маладзечне, сядзібе Агінскага ў Залессі, зараз збіраюцца ў Дудуткі. Да прафесійнага свята, Новага года, Дня жанчын атрымліваюць віншаванні і падарункавыя сертыфікаты.

Гандлёвых кропак у райцэнтры ўсё прыбаўляецца. Вось і на пазамінулым тыдні па вуліцы 17 Верасня, зусім блізка ад мікрараёна шостага гарадка, адкрыўся магазін «Еўраопт». «Не палохае канкурэнцыя?» — пытаюся ў Марыі Іосі­фаўны Жук і чую ў адказ упэўненае: «Ніколькі! У нас у гэтыя дні нават павялічыўся тавараабарот. Не сумняваюся, што пакупнікі па-ранейшаму будуць аддаваць перавагу нашаму магазіну».

Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.