Палеская трагедыя

Важное Общество

1 ліпеня ў вёсцы Палессе Лынтупскага сельсавета здарылася трагедыя — у агні, які ахапіў жылы дом, загінула сямігадовая дзяўчынка.

Пажар здарыўся днём (паведамленне пра яго паступіла ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у 14.21). 54-гадовы гаспадар знаходзіўся на рабочым месцы — ён працуе пастухом у ААТ «Янавіца-агра». 40-гадовая гаспадыня, якая да дэкрэтнага водпуску была даяркай, пайшла да суседкі распіваць спіртное, пакінуўшы без нагляду шасцярых непаўналетніх дзяцей. Старэйшаму з іх дзевяць гадоў, малодшаму — год.

Па якой прычыне ўзнік пажар, высвятляюць кампетэнтныя органы. Трагедыя магла б быць яшчэ больш жудаснай, калі б не сабранасць старэйшай дзяўчынкі Каці. Яна вывела з хаты, у якой палаў агонь, пяці- і шасцігадовага брацікаў і вынесла на руках адна- і двухгадовую сястрычак. А вось сямігадовую Таню не змагла разбудзіць. Праз некалькі гадзін ратаўнікі знайшлі цела дзяўчынкі ў пакоі пад слоем абгарэлых і абрушаных будаўнічых канструкцый. Трое старэйшых дзяцей змешчаны ў прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра, з імі працуюць псіхолагі, двое меншых — у дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Бацькі адпраўлены на лячэнне ў абласную псіхіятрычную бальніцу «Слабодка», што ў Браслаўскім раёне.

Сям’я знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Некалькі гадоў назад органы апекі забіралі дзяцей і змяшчалі іх у дзяржустановы, дзе яны знаходзі­ліся да паўгода. На працягу гэтага перыяду бацькі не былі заўважаныя ва злоўжыванні алкагольнымі напіткамі, прагулаў не дапускалі, атрымалі ад сельгаспрадпрыемства дом, зрабілі ў ім рамонт. Адным словам, прынялі ўсе меры, каб вярнуць дзяцей. І яны былі ім вернутыя. Потым нарадзілася яшчэ двое. Аднак праз некаторы час бацькі ўзяліся за старое, і сям’я зноў была пастаўлена на ўлік у камісіі па справах непаўналетніх. Прадстаўнікі суб’ектаў прафілактыкі — а гэта медыкі, педагогі, міліцыянеры, кіраўнік гаспадаркі і іншыя афіцыйныя асобы — наведваліся сюды рэгулярна, аднак прадухіліць трагедыю не ўдалося.

Тым больш жудасна, што гэта не першая страта ў маці. Дзесяць гадоў назад моцна абварылася брагай дзяўчынка і памерла ад апёкаў. Затым у сажалцы ля хаты ўтапіўся хлопчык. І вось загінула трэцяе дзіця. Ці не вельмі дарагая цана бацькоўскай злачыннай безадказнасці?

 Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.