Паважаюць калегі, ганарыцца сям’я

Личности

Мара стаць пажарным у Андрэя Турка (на здымку) з’явілася яшчэ падчас вучобы ў пятым класе.

— У школьнай спартзале здарылася ўзгаранне, — расказваў. — Пакуль яго тушылі, я назіраў за дзеяннямі пажарных і ўяўляў сябе на іх месцы. Паступіў у Гомельскі інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Па размеркаванні трапіў у Паставы (сам родам з Браслава). І рамантыка закончылася… Памятаю, з якой нерашучасцю першы раз ехаў на ліквідацыю пажару па вуліцы Астроў­скага ў райцэнтры. Добра, што побач былі вопытныя таварышы Валерый Сеганкевіч, Дзяніс Сарокін. Яны змаглі перадаць мне сваю ўраўнаважанасць, надалі ўпэўненасці. Агонь патушылі, людзей выратавалі. Якую радасць адчуў ад гэтага!

За плячыма сем гадоў службы. Дэвіз начальніка змены: ведай сваю задачу і выконвай яе адказна і сумленна. Яго Андрэй прытрымліваецца пастаянна. А яшчэ важным лічыць прафесійнае сама­ўдасканаленне, максімальную сканцэнтраванасць, уменне рабіць усё без лішніх эмоцый і хваляванняў.

У падпарадкаванні капітана Турка 11 чалавек — каманда зладжаная, усе добрасумленна выконваюць свае абавязкі, з паўслова, а часта толькі з погляду разумеюць адзін аднаго. І гэта намнога аблягчае работу. Асабліва адзначыў Яўгенія Хмяльніцкага, Сяргея Кадушкевіча.

— Андрэй Турок — выдатны спецыяліст, заўсёды служыць прыкладам для сваіх падначаленых, — характарызаваў яго начальнік РАНС Аляксей Кісель. — Умела арганізуе аператыўную ліквідацыю пажараў і надзвычайных здарэнняў, шмат увагі надае павышэнню прафесійнай падрыхтоўкі і тактычнай вывучкі маладых калег.

— Першае, што выпрацоў­ваем у маладых, — у экстрэмальных сітуацыях забыць пра страх, — дзяліўся Андрэй. — Бо ад тваіх зладжаных дзеянняў залежыць і тваё жыц­цё, і таго, каго ратуеш. Нават невялікае хваляванне, імг­ненная разгубленасць перадаюцца, што можа прывесці да панікі людзей, якім аказваецца дапамога. А гэтага дапусціць нельга.

Ёсць у маладога начальніка змены і яшчэ адзін вялікі і самы адказны абавязак — абавязак мужа і бацькі перад жонкай Оляй, 10-месячным сыночкам Сашам. І Андрэй робіць усё магчымае, каб ­сям’я ганарылася ім. 

Тэкст и фота Анны Анішкевіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.