Павучыліся ў майстра міжнароднага ўзроўню

Общество

На працягу двух дзён у студыі-цырульні «Жамчужына» шлюбны стыліст-цырульнік Ірына Шылак з Мінска вучыла пастаўскіх калег ствараць прыгожыя паветраныя ўрачыстыя прычоскі з прымяненнем сучасных методык і стайлінгавых сродкаў новага пакалення.

— Не сакрэт, што многія падыходы ў той ці іншай сферы дзейнасці з цягам часу старэюць, на іх месца прыходзяць новыя. І, каб ісці ў нагу з часам, ім трэба вучыцца, — расказваў дырэктар «Жамчужыны» Сяргей Грыбаў. — Цырульніцкая справа — сапраўднае майстэрства, якое трэба пастаянна ўдасканальваць, даводзіць да высокага ўзроўню. І мне вельмі хочацца, каб модныя тэндэнцыі нашай прафесіі былі даступныя жыхарам не толькі сталіцы і абласных цэнтраў, але і такога невялікага горада, як Паставы. Таму перыядычна ў нашай студыі-цырульні праходзяць практычныя курсы, на якіх разглядаем прэпараты-навінкі, тэхнікі фарбавання валасоў, іншыя новыя павевы.

На гэты раз сакрэтамі стварэння ўрачыстых прычосак з мясцовымі цырульнікамі дзялілася майстар міжнароднага ўзроўню Ірына Шылак. Узлётная паласа як у прафесіянала ў яе вельмі паспяховая. Больш чым за шэсць гадоў працы — удзел у шлюбных выставах, публікацыі на вокладках часопісаў «Taxi», «Ваша вяселле», выкладанне курса «Вясельныя і вячэрнія прычоскі» ў школе Ларысы Рэча і студыі Вікторыі Макейчык. Кожная прычоска і створаны ёю вобраз — сапраўдная творчасць і імправізацыя. Ірына настолькі запатрабаваная ў прафесіі, што працуе амаль без выхадных. Мяркуйце самі: пра курс навучання ў «Жамчужыне» з ёй дамаўляліся за паўгода да яго правядзення. Разам з тым Ірына не толькі вучыць іншых, але і заўсёды ўдасканальвае ўласныя веды на самых разнастайных курсах, у тым ліку і за межамі Беларусі, сочыць за трэндавымі работамі калег. 

Назіраць за працай Ірыны было сапраўдным задавальненнем: у яе руках літаральна ўсё гуляла, локаны імгненна афармляліся ў прычоску. Бездакорнасць выканання і прыгажосць работ таксама ўражвалі. Супрацоўніцы «Жамчужыны» пільна сачылі за ўсімі дзеяннямі майстра, нехта канспектаваў, нехта схематычна зарысоўваў, а нехта здымаў на тэлефон. Бясконца сыпаліся пытанні. Усяго за два дні стыліст-цырульнік стварыла чатыры ўрачыстыя вобразы, а пастаўчанкі пад яе наглядам — кожная па два. Мадэляў падбіралі ў сацыяльных сетках з такім разлікам, каб яны адрозніваліся тыпам валасоў як па даўжыні, так і па структуры. Гэта дазволіла стварыць большую колькасць разнастайных прычосак, разабраць нюансы.

— Ірына навучыла, як правільна расцягваць пасмы, ствараць і фіксаваць локаны без лаку, рабіць пышныя прычоскі амаль без начосу, прадэманстравала новага тыпу спрэі для тэкстуры. Гэта зусім іншы ўзровень, чым той, да якога мы прывыклі, — падсумаваў Сяргей Грыбаў. — Новыя падыходы цырульнікі «Жамчужыны» будуць выкарыстоўваць пры стварэнні прычосак нашым кліенткам. Зацікавіліся? Тады чакаем вас у сябе!

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.