Пяцідзённыя пошукі завяршыліся ўдала

Общество

Фото из открытых источников

6 ліпеня каля 20.00 у раённы аддзел унутраных спраў паступіў званок ад жыхара вёскі Хрыстова. Мужчына паведаміў, што яго адзінокапражываючая 89-гадовая суседка Бенядзікта Канстанцінаўна Машніч, якой дапамагае па гаспадарцы, на працягу цэлага дня адсутнічае па месцы жыхарства, а на дзвярах яе дома вісіць замок. Прасіў дапамагчы ў пошуку.

У вёску неадкладна выехала следча-аператыўная група з кінолагам і службовым сабакам. На месцы было ўстаноўлена, што пенсіянерку, якая знікла, апошняй бачыла мясцовая жыхарка, калі вярталася дахаты з ягад, а тая, наадварот, ішла ў лес. Было гэта 5 ліпеня каля 12 гадзін дня. Жанчына расказала, што ў руках бабуля несла сінюю торбу (па гэтай важнай прыкмеце ў далейшым яе і знайшлі).

— Першапачатковы пошук, падчас якога быў задзейнічаны службовы сабака, уключаліся сірэны і маячкі, члены следча-аператыўнай групы крычалі ў рупар і гучнагаварыцель, устаноўлены ў міліцэйскім аўтамабілі, станоўчага выніку не прынёс, — расказваў старшы опер­упаўнаважаны групы пошукавай работы аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Яўгеній Чарэнка. — У наступныя дні супрацоўнікі РАУС сумесна з работнікамі РАНС прачэсвалі мясцовасць, паступова пашыраючы радыус пошуку. Увесь час нам дапамагаў сусед бабулі: ён не толькі ўдзельнічаў у пошукавых мерапрыемствах, але і падказваў, дзе жанчына найбольш часта бывала. Мясцовыя тэлевізіёншчыкі прадаставілі квадракоптар, які мы актыўна выкарыстоўвалі. Але і гэтыя дзеянні не ўвянчаліся поспехам.

На пяты дзень пошукаў было вырашана задзейнічаць верталёт МНС. Літаральна праз 25 хвілін аблёту пошукавая група заўважыла сінюю кропку. Калі міліцыянеры і ратаўнікі дабраліся да пенсіянеркі, тая ляжала на паляне пад лініяй электраперадачы. Жанчына была ў стане моцнага абязводжвання, з паніжаным ціскам, але ў свядомасці. Вельмі ўзрадавалася і папрасіла адвезці яе дахаты, у Хрыстова. Патлумачыла, што адправілася ў лес па лекавыя травы, але ўбілася ў балота і заблудзілася. На паляне ляжыць ужо чацвёрты дзень. Пенсіянерцы аказалі першую дапамогу і выклікалі «хуткую». Медыкі даставілі яе ў бальніцу.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ

* * *

На днях у рэдакцыю райгазеты звярнуўся жыхар вёскі Хрыстова Міхаіл Татарэнка (менавіта ён апякуецца над Б. К. Машніч). Міхаіл Мечыслававіч прасіў па­дзякаваць на старонках «ПК» супрацоўнікам РАУС і РАНС, якія былі задзейнічаны ў пошуку бабулі, асабліва Яўгенію Чарэнку, а таксама ўсім аднавяскоўцам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.