Праявіла кемлівасць і перамагла

Общество

Віка Красілевіч стала пераможцай абласнога інтэрнэт-квэста «Мая Беларусь» у нашым горадзе і ў падарунак ад райкама БРСМ атрымала дыплом і прыгожы кубак.

Інтэрнэт-квэст праводзіўся ў рамках праекта «Беларусь — крыніца натхнення» і быў прымеркаваны на Дня Незалежнасці нашай краіны. Ён ахопліваў тэрыторыю Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Аршанскага, Полацкага, Пастаўскага, Расонскага, Чашніцкага раёнаў, а таксама гарадоў Віцебск і Наваполацк. Пераможца вызначаўся ў кожным рэгіёне. Прыняць удзел у квэсце мог любы жадаючы ва ўзросце ад 14 да 31 года пры ўмове, што ён з’яўляецца падпісчыкам акаўнта «Моладзь Віцебшчыны» і адпаведнага тэрытарыяльнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў сацыяльнай сетцы Instagram.

Пра тое, што будзе праводзіцца інтэрнэт-квэст, і яго ўмовы Віка прачытала ў стужцы навін групы Пастаўскага раённага камітэта БРСМ у інтэрнэце. Узахвоцілася паўдзельнічаць. З нецярпеннем чакала, калі будзе надрукавана заданне (загадзя было аб’яўлена, што гэта адбудзецца 2 ліпеня ў 10.30). Калі ж прачытала апісанне будынка, які трэба было знайсці, зразумела, што гэта дом рамёстваў «Стары млын». Прыехала на месца, пачала шукаць схаваны канверт, з якім трэба было зрабіць сэлфі і з пэўным хэштэгам змясціць фотаздымак у Instagram.

— Абышла ўсе закуткі, але, як ні ўглядвалася, нічога не знайшла. Асяніла здагадка: напэўна, памылілася і загаданы быў будынак не млына, а Цэнтра дзяцей і моладзі. Пабегла туды. Але і там нічога не было. Вярнулася назад, дзе канверт ужо шукалі іншыя актывісты саюза моладзі, — узгадвала «пошукавую аперацыю» Віка. — Канкурэнцыя мяне толькі падагнала не здавацца, прымусіла забыць, што прамокла да ніткі (ішоў лівень), усяліла надзею, што яшчэ не ўсё страчана.

Цікаўлюся, дзе ўсё ж такі быў схаваны канверт.

— Ён ляжаў пад аконным казырком. Яго трэба было прыўзняць, каб знайсці схаванае пасланне, — адказвае суразмоўца.

А вы здагадаліся б? Я, напэўна, не.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ