Работа вядзецца. Але недастатковая

Важное Местная власть

20 ліпеня пад старшынствам кіраўніка раёна Сяргея Чэпіка адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якое запрасілі кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, старшынь сельскіх Саветаў. У рабоце пася­джэння прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў.

На разгляд былі вынесены два пытанні — «Аб рабоце суб’ектаў гаспадарання, сельскіх выканаўчых камітэтаў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў раёна» і «Аб арганізацыі ўборкі ўраджаю і правядзенні асенніх палявых работ у 2018 годзе».

З інфармацыяй па першым пытанні выступіла начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Алена Іванькова. Яна адзначыла, што з мэтай забеспячэння добраўпарадкавання і падтрымання належнага санітарнага стану Пастаў рашэннем раённага выканаўчага камітэта за прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі горада замацаваны канкрэтныя вуліцы і тэрыторыі. Аналагічныя рашэнні аб замацаванні вуліц і іншых тэрыторый сельскіх населеных пунктаў за арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі прыняты сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Вызначаны адзіны санітарны дзень па навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях — чацвер. Распараджэннем старшыні райвыканкама з 6 красавіка па 5 мая гэтага года быў аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні, санітарнай ачыстцы і азеляненні населеных пунктаў. Актыўны ўдзел у ім прынялі не толькі суб’екты гаспадарання, але і жыхары раёна. Выкананы шэраг работ як у горадзе, так і на сяле. Разам з тым працаваць ёсць над чым.

Так, далёка не ўсе тэрыторыі, у першую чаргу гэта датычыць сельгаспрадпрыемстваў, выглядаюць належным чынам. Яны не абкошваюцца, зарастаюць пустазеллем, дзе-нідзе ўзнікаюць стыхійныя звалкі. Каля многіх ферм раскіданы рэшткі саломы і плёнкі, не вывезены арганіка, адходы кармоў. Не ідэальны парадак і вакол механічных майстэрань, зернескладоў, уздоўж дарог. Неабходна зно­сіць дамы, якія засталіся без гаспадароў.

Нягледзячы на тое, што спецыялістамі ад­дзела землеўпарадкавання сумесна са старшынямі сельскіх Саветаў штогод праводзіцца работа па абследаванні і выяўленні зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца, частка зямель па-ранейшаму пустуе. Яна перадаецца сельгасарганізацыям (за 2017 год апошнія атрымалі для выкарыстання 44 гектары), прадастаўляецца грамадзянам для вядзення асабістых падсобных гаспадарак і фермерскай дзейнасці, будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў. У той жа час землі грамадзян уключаюцца ў агульны севазварот гаспадарак (сёлета ў яго ўцягнута ўжо 740 гектараў). Для больш эфектыўнага выкарыстання зямель з пачатку гэтага года 14995 гектараў пераразмеркаваны паміж сельскагаспадарчымі арганізацыямі.

Вялікая ўвага надаецца барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Усе арганізацыі прыступілі да знішчэння гэтага небяспечнага пустазелля. Але многае яшчэ трэба зрабіць. Шэрагу суб’ектаў гаспадарання і сельскіх выканаўчых камітэтаў, у прыватнасці Лынтупскаму і Ярэўскаму, ААТ «Пастаўскі райаграсэрвіс» і «Сцяг Перамогі-агра», раёну электрычных сетак, трэба больш адказна падысці да выканання мерапрыемстваў па знішчэнні баршчэўніку.

Перад прысутнымі выступілі начальнік раённай інспекцыі і старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Лысёнак і Руслан Вінакураў. Заслуханы тлумачэнні дырэктараў ТАА «Сігма-Паставы» Мікалая Дзеравянкі і ААТ «Кураполле-агра» Аляксандра Ромеля, начальніка Цэнтра банкаўскіх паслуг №217 ААТ «Белаграпрамбанк» Дзмітрыя Собаля, старшыні Курапольскага сельскага Савета Мікалая Яльчыка. Работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў раёна прызнана недастатковай. Адпаведным службам райвыканкама, кіраўнікам прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, старшыням сельскіх Саветаў да­дзены канкрэтныя даручэнні і ўстаноўлены тэрміны іх выканання.

Усе сілы – на ўборку

Не менш важнае за навядзенне парадку на зямлі пытанне арганізацыі ўборкі ўраджаю і правядзення асенніх палявых работ. З агульным планам уборкі зерневых і зернебабовых, ільну і бульбы ў раёне прысутных азнаёміла намеснік начальніка — начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марыя Клімёнак. Таксама яна расказала, якія плошчы займаюць названыя вышэй культуры ў гаспадарках, як абстаяць справы з гатоўнасцю тэхнікі, забяспечанасцю кадрамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі, пра планы на пасяўную.

Узнімаліся і пытанні нарыхтоўкі зялёных кармоў, якую некаторыя сельгаспрадпрыемствы вядуць маруднымі тэмпамі, захавання працоўнай дысцыпліны прадстаўнікамі масавых прафесій і спецыялістамі, бо тут таксама ёсць праблемы. Асобная гаворка ішла пра неабходнасць своечасовай і якаснай уборкі льну. Былі заслуханы дырэктар ААТ «Пастаўскі льнозавод» Пётр Скурко, кіраўнікі шэрага гаспадарак.

— Нягледзячы на капрызы надвор’я, ні ў якім выпадку нельга спыняць работы ў полі, на травяных палетках і мехдварах, — запатрабаваў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — У гэту гарачую пару не павінна быць ніякіх выхадных. Неабходна мабілізаваць усе сілы на корманарыхтоўку і ўборку вырашчанага ўраджаю. Прамысловым прадпрыемствам трэба ўсяляк садзейнічаць у гэтым гаспадаркам, а супрацоўнікам РАУС — арганізаваць кантроль у перыяд ўборачнай кампаніі.

Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.