Расціце пад мірным небам!

Общество

Рэспубліканская акцыя «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей» традыцыйна прымяркоўваецца да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Падчас яе ўшаноўваюць дзетак, якія нарадзіліся 3 ліпеня.

З гэтай нагоды 6 ліпеня ў радзільнае аддзяленне Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы з падарункамі для немаўлят завіталі старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Валянціна Ромель і яе намеснік Міхаіл Кабайла.

— 3 ліпеня — дзень нараджэння толькі ў Арсенія Крэміса, — расказвала загадчыца радзільнага ад­дзялення Вольга Налётава. — Ён з’явіўся на свет у 4.20, Лізавета Ермалаева і Максім Дубоўскі — на дзень раней. Ва ўсіх жанчын гэта другія па ліку роды. Усяго за шэсць месяцаў у нашым аддзяленні нарадзілася 108 дзетак.

Паколькі нараджальнасць у Паставах не такая высокая, як у абласных цэнтрах і Мінску, раённая арганізацыя «Белай Русі» вырашыла набыць падарункі і тым малышам, якія з’явіліся на свет напярэдадні Дня Незалежнасці або крыху пазней.

— Ліза — дачушка работніка нашага прадпрыемства Аляксандра  Ермалаева, — гаварыў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце УП ЖКГ Міхаіл Кабайла. — Таму мне ўдвая прыемна яе віншаваць. Сям’я моцная. У бацькоў ужо падрастае пяцігадовы сынок Цімафей. Цяпер як па заказе — дачушка. Няхай расце здаровенькай у незалежнай і стабільнай Беларусі пад мірным небам, будзе сапраўднай патрыёткай краіны.

Уручаючы падарункі і віншуючы шчаслівых мам, Валянціна Ромель падкрэсліла, што перажывае дзіўныя пачуцці, бо сама з’яўляецца мамай і бабуляй. Нараджэнне дзіцяці — гэта подзвіг. Важна, каб нованароджаныя прыносілі бацькам радасць, а краіне — карысць.

«Такія маленькія — а ўжо героі!» — дзівяцца, перапоўненыя эмоцыямі ма­мы. Сем’і Надзеі і Дзміт­рыя Крэміс, Алесі і Аляксандра Ермалаевых жывуць у Паставах, Вольга і Уладзімір Дубоўскія — у Ярэве. Крыху стомленыя пасля родаў, але шчаслівыя, жанчыны не хавалі сваёй радасці. Кожная размешчана разам з дзіцяці ў асобнай палаце. Задавальняюць адносіны і догляд з боку медыцынскага персаналу. А тут яшчэ і падарункі ад зусім незнаёмых людзей.

— Акцыя «Белай Русі», прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, ладзіцца ў краіне ў дзясяты раз, — гаварыла Валянціна Ромель. — Прыемна, што ў гэтыя дні павялічылася і насельніцтва нашага раёна.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.