
У канцы чэрвеня ў Гарадку прайшоў абласны чэмпіянат вальшчыкаў лесу
Яго арганізатары — Віцебскі абкам прафсаюза работнікаў лесу і Віцебскі лясгас. Удзел у конкурсе прафмайстэрства прынялі каманды ад кожнага лясгаса вобласці.
— Спаборніцтвы ладзіліся па пяці дысцыплінах, — расказваў кіраўнік каманды пастаўчан, начальнік бюро аховы працы лясгаса Віктар Сапрончык. — Гэта валка дрэва, замена ланцуга бензапілы, распілоўка камбінаваным рэзам, дакладная распілоўка і абрэзка сукоў. На кожным этапе ацэньвалася найперш хуткасць, з якой удзельнік спраўляўся з заданнем. Але ўкласціся ў рамкі — паўсправы. Суддзі дасканала сачылі за якасцю выкананай работы. За няроўныя спілы, пакінутыя галінкі, няправільны вугал зрэзу здымаліся балы. Па выніках індывідуальнага і каманднага залікаў вызначаны найлепшыя.

У склад каманд уваходзілі як вопытныя майстры, так і юніёры (да 24 гадоў). Пастаўскі лясгас прадстаўлялі Юрый Лешчык і Віктар Свіла з лесапункта «Прыазёрны», Аляксандр Дзехцяронак са Старадворскага лясніцтва і Ігар Якубоўскі — з Валкоўскага. Юрый Лешчык заняў трэцяе месца сярод вопытных вальшчыкаў, а Аляксандр Дзехцяронак — трэцяе сярод юніёраў. Віншуем!
Анна АНІШКЕВІЧ
Фота прадастаўлена рэдакцыяй газеты «Гарадоцкі веснік»