Спагаднасць і дабрыня

Личности

Ніна Аляксандраўна Адамовіч з дачкой і зяцем

з’яўляюцца залогам даўгалецця пастаўчанкі Ніны Аляксандраўны Адамовіч

Такое меркаванне я чула не толькі ад старшыні савета пяр­вічнай арганізацыі ветэранаў працы цэнтральнай раённай бальніцы Наталлі Паўлаўны Змяеўскай, але і ад многіх былых калег Н. А. Адамовіч. І ўсе, як адзін, характарызавалі Аляксандраўну як вялікую руплівіцу і акуратыстку. А наведалася я да жанчыны з нагоды яе 90-годдзя. Прычым юбілей адзначаўся двойчы. Не здзіўляйцеся — здарылася блытаніна ў датах. У метрыках значыцца, што нара­дзілася 9 чэрвеня 1928 года. Гэтага чысла родныя і віншуюць імянінніцу. Не стаў выключэннем і юбілей. А вось у спісах ветэранаў працы цэнтральнай раённай бальніцы стаіць іншая дата — 9 ліпеня (так, як запісана ў яе пашпарце). І менавіта ў гэты дзень у дом доўгажыхаркі завіталі з кветкамі і падарункам прадстаўнікі бальніцы: Наталля Паўлаўна Змяеўская, Тамара Дамінікаўна Гінявец і Людміла Валянцінаўна Мацкевіч. Было шмат цёплых, удзячных слоў, шчырых пажаданняў, успамінаў.

Ніна Аляксандраўна 29 гадоў адпрацавала санітаркай. «Старалася рабіць акуратна, — расказвала. — Іншы раз і пасля змены затрымлівалася, каб здаць пост напарніцы як належыць. Давялося папрацаваць у розных аддзяленнях — хірургічным, тэрапеўтычным, неўралагічным. У тым ліку 11 гадоў пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Праца цяжкая, але я заўсёды старалася дагадзіць і медыкам, і пацыентам. Блізка да сэрца прымала, калі паміралі хворыя або тыя, хто трапіў у цяжкую аварыю».

Не загойваецца ў яе сэрцы асабістая рана — пяць гадоў назад у 59-гадовым узросце раптоўна памёр сын Валодзя. Ён жыў з сям’ёй на Урале, але штогод прыязджаў у Паставы ў водпуск. «Кладуся спаць і ўстаю з думкамі пра Валодзю, — не можа стрымаць слёз Ніна Аляксандраўна. — Ён жа так любіў мяне! Інакш, як мамачка, не называў. Любіць і беражэ мяне і дачка Галя. Дзякуючы яе клопату, я так доўга і жыву, хаця перанесла дзве аперацыі на нагах і інсульт. Хадзіць ужо вельмі цяжка».

«А вось бачыць і чуе мама добра, — адзначае Галіна. — Да нядаўняга часу нават пакрыху шыла. Яна закончыла курсы кройкі і шыцця пры Доме афіцэраў у Паставах. Днямі хапала клопатаў на рабоце, дома і па гаспадарцы, а па начах шыла з новай матэрыі або перашывала старыя рэчы, і мы з братам заўсёды мелі абновы. Бывала, прачынаешся раніцай — а на вешалцы вісіць сукенка, сшытая мамай да ранішніка ў школе».

Бабулю радуе, што ўнучка Лена выбрала прафесію медыцынскага работніка. Яна працуе медсястрой у ваенным шпіталі. Часта наведваецца — памерае ціск, зробіць укол, раскажа пра свае справы. Праўнучцы Сняжане 15 гадоў. «Гляджу на яе — і ўспамінаю сябе ў такім узросце. Вучыцца не хацелася, а бегаць на танцы — яшчэ як!» — самакрытычна ацэньвае Аляксандраўна свае такія далёкія падлеткавыя гады. Памяць не падводзіць доўгажыхарку. У гутарцы са мной узгадвала шмат жыццёвых эпізодаў, пачынаючы з дзяцінства. Цікавіцца тым, што адбываецца ў раёне і краіне. Любіць чытаць «Пастаўскі край». Самы любімы беларускі ансамбль — «Бяседа». Не прамінае паглядзець тэлеперадачы «Давай поженимся!», «Мужское/Женское», «Пусть говорят». Інтарэс да жыцця ёсць — значыць, і жыццё будзе доўжыцца. Пад апекай Усявышняга, клапатлівых дачкі Галіны і зяця Уладзіміра.

   Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.