Стужкамі сцелецца «зелянец»

Главное Сельское хозяйство

Аляксандр Аліноўскі, Віктар Пузан

У сераду за чыгуначным пераездам каля Совак, уздоўж дарогі на Варапаева, на льняным палетку працавалі чатыры самаходныя камбайны. Доўгімі, роўнымі радамі даўгунец слаўся на вылежку. Лён рвалі па краі поля, пакідаючы сярэдзіну.

— Цярэбім лён “зелянцом”, — патлумачыла аграном-насеннявод ільнозавода Юлія Жуперка. — Пакідаем той, што на насенне. А каб ён мог абдувацца ветрам і хутчэй паспяваць, убіраем па краях. На гэтым полі пасеяны “брэнд”. А ўсяго на плошчы амаль 2 тысячы гектараў (з іх 500 — у Докшыцкім раёне) сеем 12 сартоў. На тых участках, дзе лён пасеяны рана, ён нізкарослы. Бо ў фазе інтэнсіўнага росту з-за засушлівага надвор’я раслінам не хапала вільгаці для нармальнага развіцця. Лепшыя пасевы — познія.

Цяпер ільнозавадчане спяшаюцца з церабленнем і спадзяюцца на добрую расу. Менавіта ад яе залежыць працэс вылежкі. Дажджы ж не спрыяюць тэмпам. Як толькі выглядвае сонейка, механізатары ўключаюцца ў работу. Да цераблення прыступілі 16 ліпеня. Стужкамі лён ляжыць на Лынтупшчыне, у Свіранах. На церабленні працуюць два звяны. У складзе аднаго — Валерый Пупкевіч, Аляксандр Шыкуць, Іван Загурскі, Сяргей Студзянкоў, другога — Аляксандр Аліноўскі, Віктар Пузан, Сяргей Ворсін і Яўгеній Райчонак.

Аляксандр Шыкуць, Валерый Пупкевіч, Іван Загурскі, Сяргей Студзянкоў

— Механізатары ў нас вопытныя, — гаварыла аграном. — Стаж работы на льнозаводзе ў большасці вымяраецца дзясяткамі гадоў. Спрактыкаваныя ў абслугоўванні і рамонце розных відаў тэхнікі. Паломкі здараюцца і ў полі. Вось і сёння ў адным з камбайнаў “выстраліла” кола. Мяняць яго прыйдзецца тут. З-за пераўвільгатнення і рамяні “капрызнічаюць” і іншыя непрадбачаныя сітуацыі здараюцца. Для нашых механізатараў яны не крытычныя, а звыклыя, таму хутка ліквідуюць няспраўнасць і прадаўжаюць работу. А яе наперадзе яшчэ шмат.

— Выцерабім лён “зелянцом”, і дзесьці ў пачатку жніўня на гэтыя палі выйдзе іншая тэхніка, — расказвалі механізатары. — Спадзяёмся, што да таго часу траста, якую паслалі, вылежыцца і ў работу ўключацца прэсы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.