Творчасць – палёт, які не спыніць

Образование Общество

Штогод у нашай школе ў канцы навучальнага года ладзіцца свята «Сузор’е талентаў». Гэта свое­асаблівая справаздача клубаў, гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах і секцый, якія дзейнічаюць ва ўстанове адукацыі, аб працы за год. Агульную ўвагу прыцягнула выстава рукадзельных работ навучэнкі 9 класа Валерыі Есьман (на здымку), якая запомнілася сваёй яркасцю, адметнасцю, дазволіла далучыцца да прыгожага.

Рукадзеллем Лера захапляецца з дзіцячых гадоў. Любоў да яго прывіла мама, якая навучыла дзяўчынку вязаць пруткамі. У школе яе творчыя здольнасці заўважыла я і дапамагла развіць на ўроках абслуговай працы і занятках гуртка «Мастацтва рукадзелля», дзе Лера навучылася вязаць кручком, асвоіла вышыванне швамі, якія ўпрыгожваюць, стужкамі, выяўленчую нітку, макрамэ.

Вышыванне — адно з самых распаўсюджаных і любімых заняткаў рукадзельніц усіх узростаў. Але асабліва прыцягальным для школьніцы стала менавіта вышыванне крыжыкам. Гэта творчая і вельмі карпатлівая праца. Яна патрабуе ўседлівасці, цярпення, акуратнасці, жадання давесці пачатае да канца. У скарбонцы дзяўчынкі 12 вышытых крыжыкам карцін, у планах — шмат новых праектаў.

Яшчэ адно захапленне Леры — пляценне фенечак. Яго азам навучылася на ўроках працоўнага навучання, з часам гэтыя навыкі перараслі ў сапраўднае майстэрства. Дзяўчынка самастойна спасцігла складаныя тэхнікі пляцення і стварыла такія творы мастацтва, якімі немагчыма налюбавацца. Фенечкі яна з задавальненнем носіць сама і любіць дарыць знаёмым і сябрам.

Жаданне ствараць нешта новае, спрабаваць свае сілы ў розных відах рукадзелля — стан душы Леры. А да чаго ляжыць душа, да таго і рукі прыкладуцца. У мінулым навучальным годзе яна звязала сабе кручком кардыган. Праца над ім адняла шмат сіл, часу і цярпення, але выраб атрымаўся цудоўны! Нездарма кажуць, што чалавек знаходзіць час для ўсяго, што ён сапраўды хоча. Нядаўна Лера захапілася вязаннем кручком папулярных цацак амігурумі. Яны ў яе вельмі сімпатычныя.

Творчасць дачкі падтрымліваюць бацькі. У будучым Лера марыць стаць інжынерам-тэхнолагам, а рукадзелле зрабіць сваім хобі, якое будзе дапамагаць рэалізоўваць сябе ў творчасці, натхняць, прыносіць радасць.

Інэса ТУРЛА, настаўніца працоўнага навучання СШ №5



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.