З класікамі і Мішкам

Личности

Не сумуе ў Кейзіках ураджэнец і жыхар гэтай вёскі Іван Іванавіч Кейзік

Адразу тлумачу, што паэзіяй Пушкіна, Маякоўскага, Ясеніна, Твардоўскага, Арлова, Някрасава і іншых рускіх, а таксама беларускіх класі­каў чалавек захапляецца са школьных гадоў і да цяперашняга часу, калі ўжо даўно на пенсіі. Па некалькі разоў перачытвае іх творы, знаходзіць сугучнае сваёй душы. Ну а Мішка — сімпатычны сабачка, які стаў для Іванавіча сапраўдным сябрам, заўзята вартуе дом і нізашто не пусціў бы мяне на парог, калі б гаспадар не скамандаваў супакоіцца.

А заглянула на гэты адрас па падказцы чытачоў. Даўні сябар газеты Юрый Катовіч рэкамендаваў Кейзіка як цікавага субяседніка, улюбёнага ў свой край чалавека з залатымі рукамі. І гэта сапраўды так.

— Я ў гэтым доме нарадзіўся і жыў да службы ў арміі, — расказваў гаспадар. — Служыў спачатку ў Маскве, затым у Яраслаўлі. Пакахаў мясцовую дзяўчыну, ажаніўся і застаўся там жыць. Але цягнула на радзіму, і ў 1970-ым з жонкай пераехалі ў Кейзікі. Тут у іх нара­дзіўся першынец.

Уладкаваўся вадзіцелем у саўгас «Варапаева». Заробак быў слабы, таму папрасіў дырэктара вы­дзеліць яго сям’і ўчастак зямлі, бо на іх і бацькоў былі адны соткі. Атрымаўшы адмову, раззлаваўся і падаў заяву на звальненне. Адпускаць талковага вадзіцеля, які, да таго ж, завочна вучыўся ў Гарадоцкім сельгастэхнікуме, дырэктар не жадаў. Яго, камуніста, тады нават на бюро райкама партыі жорстка прапясочвалі. І ўсё роўна застаўся непахісным у рашэнні пакінуць саўгас. Удалося ўладкавацца на чыгунку. Атрымаў у Паставах ведамасную трохпакаёвую кватэру, якую, дарэчы, сам і будаваў, бо авалодаў і спецыяльнасцю муляра. Змяніў навучальную ўстанову — закончыў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту. 35 гадоў адпрацаваў у Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі: спачатку радавым электрамеханікам, затым — старшым. З дыстанцыі і на пенсію выйшаў. А агульны стаж работы — 43 гады.

Чатыры гады назад сям’я прыняла рашэнне пераехаць у Яраслаўль, на жончыну радзіму, па якой яна заўсёды сумавала. Там жывуць дзве яе сястры, пляменнікі, іншыя сваякі. Туды перабраўся і іх сын Андрэй. Зразумела, што бацькам хацелася быць бліжэй да яго.

— Пастаўскую кватэру прадалі, а ў Яраслаўлі купілі, — расказваў Іван Іванавіч. — Я з задавальненнем рамантаваў яе, усё даводзіў да ладу, а вось жыць не змог. І ведаеце, па якой прычыне? Не магу ся­дзець без справы, люблю і хачу майстраваць, а ўмоў для гэтага не было. У кватэры майстэрню не зробіш, а купіць ці арандаваць памяшканне не мелі грошай. Бывала, выходзіў на лесвічную пляцоўку і там штосьці выразаў з дрэва. Але хіба гэта справа? Два гады пацярпеў і вырашыў вярнуцца ў бацькоўскі дом, які даўно пуставаў. З сынам і жонкай перазвоньваемся, гэтым летам Андрэй збіраецца прыехаць у госці. А я адгэтуль — нікуды. Сам сабе гаспадар і займаюся тым, што люблю. Пакрыху раблю рамонт. Ужо абнавіў кухню, атынкаваў сцены і паставіў перагародку ў зале, уставіў дзверы. Такім чынам зрабіў сабе спальню.

А самы любімы занятак Івана Іванавіча — майстраванне з дрэва. «Напэўна, гэта закладзена ў генах, — казаў, паказваючы свае вырабы. — Добрым сталяром і токарам быў мой дзед, сталярнічаў бацька, і для мяне работа з дрэвам у радасць. Пачынаў у дзяцінстве лобзікам. Зараз маю такарны і габлярны станкі, шмат ручнога інструменту. Сам раблю эскізы некаторых рэчаў».

Яго вырабы разышліся не толькі па Беларусі, яны ёсць у Расіі і нават у Швейцарыі — разныя рамкі для люстэркаў або карцін, столікі, падсвечнікі, розныя фігуркі, нават ложкі. Работы майстра ўпрыгожваюць цэрквы ў Верхнім (Глыбоцкі раён), Казянах (Браслаўскі) і ў нашых Манькавічах. Калі пажадаеце, яны могуць з’явіцца і ў вас. Адрас творцы вядомы, а натхнення і працавітасці яму не пазычаць. «Напэўна, родная зямля дае сілы», — заключае майстар і зноў бярэцца за інструменты.

   Фаіна Касаткіна
Фота аўтара