Замацоўваюць тэорыю на практыцы

Общество

На чале ўзвода практыкантаў Аляксей Есьман

На тэрыторыі 1-га радыётэхнічнага цэнтра часова размясціўся палатачны гарадок. У ім жывуць 40 студэнтаў і курсантаў 4 курса Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, якія праходзяць у падраздзяленні вайсковую стажыроўку.

Пачалася яна 6 ліпеня і прадоўжыцца да канца месяца. За гэты час юнакі павінны дасканала засвоіць агнявую і страявую падрыхтоўку, радыёхімічную і біялагічную абарону, азы воінскай службы і ваенных спецыяльнасцей. Таксама ім неабходна вывучыць матэрыяльную частку штатнай зброі і ўзбраення, папрактыкавацца ў стральбе з аўтамата. Рэжым — адпаведна раскладу воінскай часці.

Большасць хлопцаў, а гэта 37 чалавек, — студэнты, якія на працягу двух гадоў наведвалі ваенную кафедру. Пасля прахо­джання выніковай практыкі ім прысвояць воінскае званне «лейтэнант запасу». Яшчэ трое з’яўляюцца курсантамі ваеннага факультэта. Яны праходзяць тут вайсковую стажыроўку на пасадах камандзіраў узводаў. Адзін з іх — пастаўчанін Аляксей Есьман.

— Я з дзяцінства марыў стаць афіцэрам і планаваў паступаць у Ваенную акадэмію. Праўда, была адна загваздка — не ведаў, якую спецыяльнасць выбраць. Канчаткова вызначыцца дапамог сябар, старэйшы за мяне на чатыры гады. Ён параіў звярнуць увагу на БДУІР, дзе адначасова можна атрымаць і ваенную, і цывільную спецыяльнасць, — расказваў пра выбар прафесіі Аляксей. — Рыхтавацца да паступлення пачаў з 10 класа. Як бачыце, вынік станоўчы. Буду інжынерам па радыёлакацыі. Вучыцца цікава і ў той жа час складана, бо наша ВНУ — адна з найлепшых у краіне. Таму нездарма выкладчыкі патрабуюць ад нас грунтоўных ведаў.

Для Аляксея гэта ўжо трэцяя стажыроўка, таму ўсе вайсковыя прамудрасці яму добра вядомыя. Першыя дзве праходзіў у Оршы і Барысаве. Упершыню толькі камандаваць асабовым складам (студэнтамі са сваёй ВНУ). Але і тут, сцвярджае, няма нічога складанага — гэтаму выдатна навучылі афіцэры ваеннага факультэта БДУІР.

Ёсць і плюсы ў стажыроўцы на малой радзіме. Так, у адны з выхадных хлопцу за праяўленую ініцыятыву далі чарговае звальненне. Падчас яго пабываў дома, убачыўся з роднымі і сябрамі, выдатна правёў вольны час.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.