Зарад адрэналіну ад экстрыму

Главное Общество Спорт

Спускаецца на тралеі прадстаўніца астравецкай каманды

атрымалі ўдзельнікі турыстычнага злёту людзей элегантнага ўзросту

Прайсці 27 метраў па канатнай дарозе на вышыні 2,5 метра над зямлёй, забрацца на скаладром, спусціцца над возерам па 160-метровым тросе — вы думаеце, гэта па сілах толькі маладым? Памыляецеся! На такія авантуры здольныя і тыя, каму за 70. У гэтым я ўпэўнілася падчас турзлёту, які праходзіў на спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі”.

Ініцыятарам яго правядзення ў трэці раз выступіў Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, арганізатарамі — райвыканкам, аддзел спорту і турызму пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама і спонсарскай дапамозе ААТ “Навасёлкі-Лучай” і рыбгаса “На­вінкі”. Пакараць спартыўныя вяршыні сабраліся каманды Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці, Астравецкага Гродзенскай і Швянчонскага (Літва). Прыбылі балельшчыкі, а таксама ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская, па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама — Наталля Седзюкевіч, дырэктар Астравецкага ТЦСАН Віктар Ждановіч і намеснік дырэктара Глыбоцкага ТЦСАН Таццяна Плюта.

У «вяровачным гарадку»

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Пётр Курто. “Ад свайго імя і ад імя раённага выканаўчага камітэта вітаю вас на гасціннай пастаўскай зямлі! — гаварыў ён. — Гэта трэці турзлёт за месяц на базе “Азёрак”. Спадзяюся, ён прой­дзе на такім жа высокім узроўні, як і папярэднія: абласны сярод прафсаюзных арганізацый работнікаў аграпрамысловага комплексу і раённы працуючай моладзі. ТЦСАН ладзіць турзлёт у трэці раз. Мяняюцца яго ўдзельнікі. Абноўленай прыехала каманда Глыбоцкага раёна, рады бачыць астраўчан і прадстаўнікоў суседняй Літвы. Жадаю ўсім станоўчых эмоцый і прыемна правесці час”.

Пастаўчане малююць партрэт Бабы Ягі

Па той прычыне, што ў некаторых удзельнікаў з Літвы ўзніклі праблемы з перасячэннем граніцы праз спрошчаны пункт пропуску, каманда прыехала не ў поўным складзе. У падтрымку суседзям у тэрміновым парадку выйшла загадчыца Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Надзея Гатоўская.

Выпрабаванні для турыстаў былі падрыхтаваны няпростыя. Першы этап уключаў у сябе праходжанне канатнай дарогі, стральбу па мішэнях, уздым па скаладроме, пераадоленне вяровачных перашкод. Па-добраму зайздрос­ціла, калі людзі паважанага ўзросту дэманстравалі найперш энтузіязм, а таксама жаданне пакарыць вяршыню скаладрома, выдатную каардынацыю рухаў на канатнай дарозе, імкненне быць першымі. Кожная каманда вылучала ў асноўным па тры чалавекі. Прадстаўнікам Глыбокага, ледзь не ўсім (уключаючы групу падтрымкі), хацелася паспрабаваць экстрыму.

Фірменны плоў прэзентуе зборная каманда Літвы

Пасля гэтага ў каманд быў час на абуладкаванне бівакоў і прыгатаванне абеду. Запахла дымам ад вогнішча, паплыў водар свежазваранай юшкі, сакавітага шашлыка. Турыстычнаму лагеру мала быць функцыянальным і бяспечным. Не менш важны момант — афармленне тэрыторыі. І тут сваю ролю адыгралі фантазія і крэатыўнасць: хтосьці нацягнуў рознакаляровыя флажкі, у кагосьці было абуладкавана месца для раздзельнага збору смецця, усе прадэманстравалі акуратнасць, прадуманасць і бытавыя ноу-хау. Журы смакавала стравы, ацэньвала турысцкі быт і карвінг (прыгожая нарэзка агародніны і садавіны). 

Глыбачане віталі журы песняй пра вішню і ўпрыгожылі стол менавіта гэтымі ягадамі, а таксама запрасілі ў свой горад на “Вішнёвы фестываль”. Астраўчане прапанавалі юшку з фарэлі, якая водзіцца ў рацэ Страчы, што працякае праз іх раён. Пастаўчане з кабачка выразалі імправізаваны карабель, на якім нібыта прыплылі на тур­злёт, і выканалі песню пра капітана. Літоўцы ў кацялку прыгатавалі адмысловы плоў. Пасля ацэнкі журы ўсе стравы прынеслі на агульны стол, за якім і адбылося бліжэйшае знаёмства канкурсантаў.

Далей чакала міфічная сцежка. На ёй удзельнікі турзлёту сустракалі казачных герояў, якія прапаноўвалі гумарыстычныя заданні, а таксама прасілі праспяваць песню, прыпеўку, адгадаць загадку, намаляваць партрэт Бабы Ягі, згуляць у гольф. Каб трапіць на пірс, Чарнамор з Клеапатрай падрыхтавалі ўмоўны тунэль. Хто яго праходзіў, меў магчымасць пакатацца на катамаране або водным матацыкле, затым пераправіцца з аднаго берага на другі на тралеі. Эмоцыі зашкальвалі. На кожным этапе спартыўных перашкод побач з удзельнікамі былі інструктары, якія працуюць на спартыўна-турыстычным комплексе. Яны давалі рэкамендацыі, усялялі ўпэўненасць, падбадзёрвалі.

Расслабіцца пасля напружаных спаборніцтваў турысты змаглі падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці. Яны не проста спявалі, многія падрыхтавалі інсцэніроўкі, суправаджалі выступленне танцамі. Песні не змаўкалі ў Азёрках на працягу ўсяго вечара, які завяршыўся дыскатэкай і маляўнічым феерверкам.

— Мне 73 гады, — расказвала прадстаўніца глыбоцкай каманды. — У 40 аўдавела. Адна ста­віла на ногі траіх дзяцей. Цяпер жыву для сябе. Актыўна ўдзельнічаю ў рабоце ветэранскай арганізацыі, наведваю тры гурткі, спяваю ў хоры ветэранаў “Маналіт”. З радасцю прыняла прапанову паехаць на турзлёт. Прырода — прыгожая, конкурсы — цікавыя, арганізацыя — выдатная, атмасфера — дружалюбная. Малайчына дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Дзіяна Пякарская, якая знаходзіць час, каб падысці да кожнай каманды, сама цудоўна спявае, актыўная ў конкурсах.

На скаладроме Алена Мудрая

— Вядома, крыху стаміліся, — дзяліліся ўражаннямі пастаўчане. — Многія выпрабаванні разлічаны на маладых, фізічна падрыхтаваных. Тым не менш усё было здорава! Турзлёт — гэта не толькі спаборніцтвы. У нашым узросце гэта адпачынак з аднадумцамі. Ёсць пра што пагаварыць, што ўспомніць. Агульных тэм дастаткова. Радыя за сваю каманду. Нас аб’ядноўвалі згуртаванасць і дружба, арганізаванасць і ўзаемавыручка, творчасць і выдумка, вынослівасць і імкненне да перамогі. А наш “рухавік прагрэсу” — капітан Алена Мудрая, якой 67 гадоў.

Раней я думала, што турзлёт — гэта мерапрыемства для бесшабашных школьнікаў і азартных студэнтаў. Аказваецца, актыўныя на ім і тыя, хто даўно забыў, што такое ўрок фізкультуры, але чыю душу не пакідае спартыўны азарт. І на гэты раз людзі пажылога ўзросту даказалі найперш сабе, што здольныя забірацца на скаладром, спяваць, танцаваць, падтрымліваць баявы камандны дух і атрымліваць адрэналін ад экстрыму.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара і Вячаслава МУРАЎЁВА

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.