Жук малы – урон вялікі

Общество

«Хадзіла ў Сасноўку ў ягады, — расказвала знаёмая. — У некаторых соснаў рыжыя вершаліны. У чым прычына?» Гэта пытанне я адрасавала інжынеру-лесапатолагу лясгаса Алене Півень.

— Дрэвы заселены жуком-караедам, — патлумачыла Алена. — На тэрыторыі Беларусі караеднае ўсыханне сасны пачалі фіксаваць яшчэ ў 2010 годзе ў лясах Гомельскай вобласці. Сёлета насякомыя даляцелі і да нас — іх пасяленні выяўлены ў ваколіцах горада: каля Смалярні і ў Сасноўцы.

— Што паспрыяла засяленню жука?

— Празмерна сухое надвор’е і недахоп вільгаці. З-за гэтага сосны сталі выпрацоў­ваць менш смалы, якая з’яўляецца галоўным ахоўнікам драўніны. Жукі выбіраюць сярэднеўзроставыя насаджэнні (40-60 гадоў) і пасяляюцца на дробных галінках. Яны пашкоджваюць тканкі дрэва, і вада ад кораня перастае паступаць да вершаліны, хвоя становіцца бледнай, а ўрэшце рыжэе. З кроны жукі спускаюцца ніжэй, і дрэва ўсыхае літаральна на вачах. Калі ўскрыць кару на спілаваным ствале сасны, то можна ўбачыць шлюбную камеру ў выглядзе зоркі, ад якой адыходзяць мацярынскія хады і іншыя адтуліны.

— І як змагацца з караедам?

— Выйсце адно — высякаць дрэвы. Рабіць гэта трэба надзвычай аператыўна, каб не дапусціць далейшага распаўсюджвання караеда, якога называюць біялагічным пажарам. Жук малы, а ўрон лесу ад яго вялікі. Найбольшую пагрозу па-ранейшаму нясе лясам Гомельскай вобласці, а таксама частцы Магілёўскай, Брэсцкай, Мінскай. Цяпер работнікі нашага лясгаса з тэхнікай дапамагаюць высякаць пашко­джаны лес у Хойніцкім раёне. Трымаем пад кантролем сітуацыю і на Пастаўшчыне. Вельмі важна своечасова выявіць ачаг і выразаць дрэвы менавіта на этапе засялення шкоднікаў, калі маладое пакаленне жука знаходзіцца пад карой. Вядзём выбарачныя санітарныя рубкі. Аператыўна вывозім драўніну. Яна прыгодная толькі для паліва. Дробныя галінкі перамолваем або спальваем.

— Як выяўляеце хворыя дрэвы?

— Пошукам дрэў, на якіх ужо паспеў пасяліцца вораг лесу, а драўніна пакуль не высахла, займаюцца не толькі леснікі, але і ўсе работнікі лясгаса. Заклікаю не быць раўнадушнымі да гэтага і звычайных грамадзян, аматараў збору грыбоў і ягад. Калі ўбачыце сасну з бледнай або ярка-рыжай хвояй, тэрмінова паведаміце ў лясгас або бліжэйшае ляс­ніцтва. І мы адразу прымем меры.

— Чула пра ферамонныя пасткі. Ці выкарыстоўваеце такія?

— Так. З іх дапамогай праводзіцца ферамонны маніторынг. Сама пастка ўяўляе сабой крыжападобны конус, у які змяшчаецца ферамант са спецыфічным пахам. Ён і прыцягвае насякомых. Жук залятае ў празрыстую ёмістасць, удараецца аб яе сценку і падае ў спецыяльную шклянку з падсоленай вадой. Там і гіне.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.